Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 402 аб абмежаваньнях выкарыстаньня слова акадэмія ў назовах арганізацыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў, за выключэньнем дзяржаўных структур
Слова "акадэмія" стала чарговым у сьпісе забароненых для выкарыстаньня ў назвах арганізацыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў. Некалькі гадоў назад аналагічныя абмежаваньні былі ўведзеныя на выкарыстаньне словаў нацыянальны і беларускі.
Якіх толькі акадэміяў няма ў Беларусі: і Нацыянальная акадэмія навук, і Акадэмія кіраваньня пры прэзідэнту, і Акадэмія музыкі, і мастацтваў, і фізвыхаваньня, і сельгасакадэмія, інжынэрная, алімпійская, духоўная... Частка з іх грамадзкія аб'яднаньні, за сяброўства ў якіх трэба заплаціць...
Былы прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч пракаментаваў Радыё Свабодзе: "Вось гэтыя шматлікія грамадзкія акадэміі сталі арганізацыямі, якія часта бяруць грошы за тое, што даюць людзям вось такія навуковыя акадэмічныя званьні. Як я быў прэзыдэнтам Акадэміі навук, да мяне прыходзілі лісты са скаргамі: вось я заплаціў 3 тысячы даляраў, атрымаў званьне акадэміка, а гэтая мая паперка ніяк не прымаецца пад увагу. Нам даводзілася тады адказваць за дзейнасьць тых, хто сябе сам назваў акадэміяй навук. Таму ў мяне ўзьнікла як бы непрыняцьце іх дзейнасьці".
Указ Лукашэнкі дае права на выкарыстаньне слова акадэмія толькі ў найменьнях арганізацыяў, якія зьяўляюцца цалкам дзяржаўнымі. Такім чынам, слова акадэмія захаваецца ў назвах Нацыянальнай акадэміі навук і шэрагу дзяржаўных установаў вышэйшай адукацыі накшталт Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнту, Акадэміі МУС, Беларускай акадэміі мастацтваў... Усім астатнім грамадзкім акадэміям давядзецца мяняць назовы. Ну а званьні прысвойваць будзе цяпер выключна Вышэйшая атэстацыйная камісія.
Кандыдат філалагіі, намесьнік дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэю Лявон Баршчэўскі выказаў мяркуе: "Якраз Лукашэнка ідзе насуперак усясьветнай тэндэнцыі. У цэлым за мяжой, на Захадзе, гэта абсалютна грамадзкія аб'яднаньні, у якіх няма зарплат. Але, з другога боку, гэта салідныя людзі. Чаму тры прафэсары ня могуць прысвоіць званьня доктара ці кандыдата навук чацьвертаму чалавеку, калі яны галоўныя спэцыялісты ў гэтай сфэры? Так ува ўсім сьвеце ёсьць".
Што да апошняга ўказу Лукашэнкі, то Лявон Баршчэўскі ацаніў яго так: "Спроба загнаць усё ў дзяржаўнае стойла гэта працяг сталінскай палітыкі (раз Лукашэнка сказаў, што для яго ўзор Сталін). Ясна, што для яго важна, каб быў дзяржаўны Саюз пісьменьнікаў, усе дзяржаўныя акадэміі... Увогуле, хутка ўсіх апрануць у адну форму, прымусяць сьпяваць адну песьню. Нічога новага ў гэтым няма".