Берасьцейскія арганізацыі незалежнага Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці прайшлі навучаньне на трэнінгу па пытаньнях заканадаўства
Паводле словаў прадстаўніка Берасьцейскага рэгіянальнага аддзяленьня Беларускага прафсаюза РЭП Зінаіды Міхнюк, сябры арганізацыі самі папрасілі прыехаць юрыстаў і адмыслоўцаў зь Менску. Па-першае, гэта зьвязана з агульным недахопам прававой культуры прафсаюзьнікаў, а па-другое – з надзённымі праблемамі арганізацыі. Напрыклад, на Берасьцейскім заводзе “Цьветатрон”, кіраўніцтва прадпрыемства, не параіўшыся зь пярвічкай прафсаюзу РЭП, прыняло загад аб аднадзённым працоўным тыдні, так што некаторыя працоўныя цяпер атрымліваюць менш за 100 тысячаў заробку. Многім звольніца з працы – азначае пазбавіцца інтэрнату ці чаргі на кватэру.
Менскія спэцыялісты распавялі аб нормах міжнароднага і беларускага права. Разабралі дэталёва некаторыя артыкулы Працоўнага кодэксу, Закону аб прафсаюзах.
Трэнінг спадабаўся мясцовым прафсаюзьнікам. Напэўна таму шмат хто зь іх падтрымаў рашэньне Басьцейскай гарадзкой арганізацыі прафсаюзу РЭП зьвярнуцца ў Дэпартамэнт інспэкцыі працы па Берасьцейскай вобласьці з патрабаваньнем разабрацца з сытуацыяй на “Цьветатроне”.
Трэба адзначыць, што за мінулы год колькасьць прадстаўнікоў прафсаюзу РЭП у Берасьці павялічылася і складае на сёньня каля 120 чалавек. Паводле словаў Зінаіды Міхнюк, у арганізацыю ўступае моладзь, таму берасьцейцы зьбіраюцца ў найбліжэйшы час стварыць маладзёвую арганізацыю прафсаюзу РЭП, паведаміў інтэрнэт-партал belngo.info.