Паводле судовага рашэньня 22 чэрвеня грамадзкі актывіст Антон Ясіновіч вызвалены з ізалятару часовага ўтрыманьня, судовы разгляд павінен адбыцца сёньня
Адміністратыўная справа, заведзеная на актывіста напярэдадні, разглядалася ў судзе г Полацку 22 чэрвеня. Антона Ясіновіча абвінавацілі ў распаўсюдзе друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак і ў нецэнзурнай лаянцы на адрас работнікаў праваахоўных органаў.
Нагадаем, што нагодай для затрыманьня сталі налепкі са слоганам “За народ, за краіну, за цябе!”, якія зьявіліся на слупах і сьценах будынкаў гораду. Міліцыя атрымала зьвесткі, што налепкі распаўсюджваў мужчына сярэдняга веку, апрануты ў белую тэніску, у цёмных туфлях. Па гэтых прыкметах і быў затрыманы Антон Ясіновіч, нягледзячы на тое, што ніякай друкаванай прадукцыі ў яго не знайшлі.
На судовым паседжаньні судзьдзя Натальля Абрамава заслухала сьведкаў абароны і затрыманага, які адкінуў усе абвінавачаньні на свой адрас. Паколькі ў суд не зьявіліся сьведкі абвінавачаньня — міліцыянты, што затрымлівалі Антона Ясіновіча, судзьдзя перанесла судовае паседжаньне на наступны дзень - 23 чэрвеня, паведаміла Радыё Свабода.