viasna on patreon

Крымінальная справа Аляксандра Казуліна перададзеная ў суд

2006 2006-06-22T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пракуратура Менску перадала ў Маскоўскі раённы суд сталіцы для разгляду крымінальную справу Аляксандра Казуліна, былога рэктара БДУ і экс-кандыдата на прэзыдэнта. Гэта пацьвердзілі ў гарадзкой пракуратуры 21 чэрвеня.

Нагадаем, 16 чэрвеня, адразу пасьля азнаямленьня з крымінальнай справай, Аляксандар Казулін і ягоныя адвакаты накіравалі ў пракуратуру шэраг хадайніцтваў. Сярод іх — просьба дапытаць сьведак, якіх абышлі сваёй увагай сьледчыя з гарадзкой управы міліцыі, а таксама хадайніцтва аб прыпыненьні крымінальнай справы з прычыны невінаватасьці спадара Казуліна. Паводле закону, у пракуратуры Менску мусілі вызначыцца з гэтымі просьбамі за пяць дзён: альбо задаволіць хадайніцтвы цалкам ці часткова, што б азначала працяг сьледзтва, альбо перадаць справу ў суд. У пракуратуры вырашылі лёс хадайніцтваў усяго за два дні, пры гэтым не на карысьць абароны. Адвакат Ігар Рынкевіч гэтак пракамэнтаваў навіну для Радыё Свабода: “Гэта абуральна, бо фактычна азначае, што нашы хадайніцтвы, скаргі, заявы грамадзянаў праігнараваныя, і пракуратура, а, такім чынам і дзяржава, перакананыя, што прафэсар Казулін вінаваты”.

Між тым, адказу на апошнія хадайніцтвы абарона яшчэ не атрымала.

Адвакат паведаміў пра зварот у пракуратуру грамадзянаў з патрабаваньнем завесьці крымінальную справу супраць сьледчых, якія вялі справу Аляксандра Казуліна. Пад зваротам стаяць дзясяткі подпісаў. Падпісалася сярод іншых і Ірына Казуліна, жонка арыштаванага палітыка: “Муж знаёміўся з матэрыяламі, і яны аказаліся вельмі неаб’ектыўнымі, неакуратна падрыхтаванымі. Прыкладам, сьведкамі ёсьць людзі толькі з аднаго боку, толькі зь сілавых структураў. Гэта наводзіць на думку, што сьледчыя дзейнічалі альбо наўмысна, альбо неахайна ставяцца да сваіх абавязкаў. Гэтым і тлумачыцца наш заклік — каб іхную працу таксама праверылі”.

У пракуратуры Менску адмовіліся камэнтаваць справу Аляксандра Казуліна, спаслаўшыся на тое, што яна ўжо перададзеная ў суд.

Экс-кандыдата Аляксандра Казуліна арыштавалі 25 сакавіка пасьля мірнага шэсьця дэманстрантаў да турмы на вуліцы Акрэсьціна. Аляксандар Казулін сваёй віны ў арганізацыі беспарадкаў не прызнае. Ён кажа, што ўгаворваў абураных людзей не ісьці на сутычку зь міліцыяй і гэта яму ўдалося, але міліцыя ўжыла сілу супраць дэманстрантаў. Перасьлед былы рэктар БДУ Аляксандар Казулін тлумачыць помстай за пераход у апазыцыю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства