Затрыманьне ў Слуцку
Прэс-службе салігорскага адзьдзяленьня Маладога Фронта стала вядома аб яшчэ адном затрыманьні моладзевых актывістаў пад час правядзеньня Дня Салідарнасьці, гэтым разам у Слуцку.
У цэнтры Слуцка сабралася каля дзясятка моладзевых актывістаў каб запаліць сьвечы салідарнасьці з сем'ямі зьніклых палітыкаў, з тымі, хто апынуўся за кратамі з-за сваіх палітычных поглядаў.
Інфармацыя аб акцыі была размешчана ў сеціве на слуцкім форуме, таму на месцы ўжо дзяжурыла каля 15 міліцыянтаў, два сабакі, два міліцыянцкіх "уазіка" і грамадзянін у цывільным з відэакамерай.
З нагоды такой пільнай увагі з боку міліцыі, выйсці з партрэтамі і сьвечам адважыліся тры актывісты. На пачатку акцыі міліцыянты не прадпрымалі ніякіх дзеяньняў. Аднак пасьля таго, як мінакі пчалі фатаграфаць удзельнікаў Дня Салідарнасьці, міліцыянты ўсіх затрымалі для высьвятленьня асобы. Затрыманнымі аказаліся Дзяніс Балакір, дзяўчына Юлія (сябры Маладога Фронта) і Віталь Амельковіч (сябра БНФ). У пастарунку на іх былі складзены пратаколы аб несанкцыяваным пікетаваньні і вынесена афіцыйнае папярэджаньне аб адміністрацыйнай адказнасьці ў выпадку ўдзелу ў падобных акцыях.
У панядзелак непаўнагадовую Юлію выклікалі ў школу, дзе яе прымусілі напісаць тулмачэньні наконт удзелу ў акцыі.