Брэсцкі абласны суд не задаволіў скаргу аднаго з арганізатараў Народнага сходу
Намеснік старшыні Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Лявонцій Чыпурных быў затрыманы 4 кастрычніка падчас распаўсюду інфармацыі пра маючы адбыцца Народны сход. Суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў яго вінаватым “у парушэнні парадку арганізацыі масавага мерапрыемства” і пакараў адміністратыўным арыштам на 5 сутак.
Пасля адбыцця пакарання Лявонцій Чыпурных заявіў хадайніцтва аб аднаўленні тэрміну на абскарджаванне гэтага рашэння да яго уступлення у законную сілу, бо падчас знаходжання пад арыштам у прадстаўніка апазіцыйнай партыі не было магчымасці скарыстацца паслугамі адваката, каб скласці такую скаргу, а сам ён не валодае юрыдычнымі ведамі.
Аднак суддзя Брэсцкага абласнога суда Андрэй Алешчанка адмовіў Лявонцію Чыпурных у аднаўленні тэрміну на абскарждванне раней вынесенага рашэння, бо палічыў, што падчас арышту прадстаўніка партыі “Справядлівы свет” у яго была магчымасць сваечасова скласці скаргу на рашэнне суда першай інстанцыі і для гэтага зусім неабавязкова карыстацца паслугамі адваката.