У Баранавічах плануецца пікет супраць невыканання Закона “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах”
24 кастрычніка грамадскі актывіст Рыгор Грык падаў у Баранавіцкі гарвыканкам чарговую заяву на правядзенне пікета. Ён плануе правесці пікет 12 лістапада ў колькасці 10 чалавек у старым парку горада. Заяўнік лічыць, што Баранавіцкі гарвыканкам, гарадскі суд і міліцыя не выканваюць Закон “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах”. За апошні месяц у Баранавічах трое грамадскіх актывістаў: Сяргей Аўчыннікаў, Віктар Цяпін і Камбалава Анжэла былі пакараны адміністрацыйнымі штрафамі за распаўсюд інфармацыі пра Народны сход, які адбыўся 8 кастрычніка. А старшыня арганізацыйнага камітэта па правядзенню і падрыхтоўцы мясцовага схода Віктар Мезяк пакараны ўжо двойчы.
Рыгор Грык адзначыў, што ён не толькі хоча паведаміць грамадскасці аб невыкананні міліццыяй, гарадскім судом і гарвыканкамам закона РБ “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах”, але і маральна падтрымаць грамадскіх актывістаў, якіх неабгрунтавана суд пакараў адміністрацыйнымі штрафамі.
Нагадаем, што з 10 ліпеня Баранавіцкі гарвыканкам не даў дазволу ні на адзін з больш дзесяці пікетаў, заяўкі на якія падавалі дзеячы апазіцыі.