Вярхоўны суд адхіліў пазоў прадстаўнікоў кампаніі «Гавары праўду»
Суддзя Мікалай Бабкоў не задаволіў хадайніцтва Уладзіміра Някляева і Сяргея Вазняка, якія аспрэчвалі рашэнне Міністэрства юстыцыі не рэгістраваць грамадскую арганізацыю. На рашэнне суда Уладзімір Някляеў зрэагаваў словамі: «Хто б сумняваўся!»
Пазоўнікі — Сяргей Вазняк, Уладзімір Някляеў. Прадстаўнік Мінюста — Валеры Зінкевіч.
Рэспубліканскае даследча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Гавары праўду» спрабавала дамагчыся легальнага статусу ўжо другі раз. Першы раз Мінюст адмовіў грамадзянам у рэгістрацыі іх арганізацыі пасля таго, як частка заснавальнікаў на чале з Уладзімірам Някляевым была арыштаваная і знаходзілася ў СІЗА КДБ, а офіс кампаніі быў апячатаны. Тады Мінюст знайшоў у пададзеных дакументах нейкія памылкі, але выправіць іх з камеры «амерыканкі» было немагчыма.
Вызваліўшыся са следчага ізалятара, Уладзімір Някляеў, Сяргей Вазняк і іншыя актывісты кампаніі зноў падалі дакументы на рэгістрацыю аб’яднання «Гавары праўду». І зноў адмова. Мінюст матываваў яе памылкамі ў гарантыйным лісце ад уласніка офіса, які пагадзіўся даць арганізацыі юрыдычны адрас. Фактычна размова ідзе пра адну памылку, якую прызналі пазоўнікі, — у даце нараджэння аўтаркі гэтага ліста Ніны Пахлопкі, якая паблытала месяц свайго нараджэння.
Мінюст палічыў памылку ў даце нараджэння спадарыні Пахлопкі «непапраўнай», як і тое, што яе гарантыйны ліст быў накіраваны на адрас аб’яднання, а не на адрас іх ведамства, як патрабуюць унутраныя інструкцыі.