Над Віцебскам лунаў бел-чырвона-белы сьцяг, які замацавала Хрысьціна Шацікава на асвятляльнай мачце. Яе затрымалі і склалі пратакол па трох артыкулах КаАП РБ
18 чэрвеня моладзевая актывістка Хрысьціна Шацікава залезла на асьвятляльную мачту ў цэнтры Віцебску, дзе звычайна праходзіць "Славянскі базар" і замацавала на ёй бел-чырвона-белы сьцяг, які правісеў там каля гадзіны.
Праз некаторы час служба МЧС зьняла сьцяг, але не змагла зьняць Хрысьціну, бо тая адмаўлялася ад іх паслугаў, а сама не спукалася ўніз. Тры гадзіны актывістка правяла на мачце, пасьля чаго яе ўсё-ткі зьнялі прымусова трое "амонаўцаў" і два прадстаўніка МЧС. Хрысьціну Шацікаву адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС і склалі адміністратыўны пратакол па трох артыкулах: 156, 166 і 167.
Увечары яе сябры бачылі, як на звычайнай легкавой машыне яе некуды павезьлі, пасьля яна прыслала смс-ку, што знаходзіцца ў 3-яй бальніцы.
Таксама 18 чэрвеня ў гарадзкім парку Мазурына каля Віцебску праходзіла вялікае літаратурнае сьвята, прысьвечанае Васілю Быкаву. З ініцыятываю правесьці такое сьвята на агульнагарадзкім узроўні выступіла абласная рада ТБМ і атрымала дазвол ад уладаў. Мерапрыемства наведаў Аляксандар Мілінкевіч.
Падчас правядзеньня сьвята міліцыянты справалі затрымаць маладых людзей са значкамі "За свабоду!", але ім не удалося гэтага зрабіць.