Актывіста Пратасевіча збілі невядомыя ў масках
Проста каля пад’езда дому ў Гомелі, ў якім пражываў актывіст “маўклівых акцый” Віталь Пратасевіч, яго збілі невядомыя ў масках.
Надвячоркам 18 кастрычніка, калі Віталь падыходзіў дадому, каля яго прытармазіў легкавік, з якога выбеглі “мардавароты” ў масках і сталі збіваць актывіста. Як паведамляе сайт "Сильные Новости", Пратасевіч, якому было нанесена мноства ўдараў, адразу накіраваўся ў траўмапункт, каб зафіксаваць факт збіцця.
Радыё Рацыя ўдалося звязацца з Віталём Пратасевічам. Пацярпелы распавёў акалічнасці здарэння. Аказваецца, яго яшчэ ў тралейбусе суправаджала чацвёрка сумнеўных бамбізаў. Адчуўшы агрэсію з боку групы невядомых, Пратасевіч выйшаў на адзін прыпынак раней, чым трэба. У гэты момант за ім выбеглі пераследнікі.
Яшчэ ў верасьні Пратасевіч заяўляў аб пагрозах ад невядомых у цывільным.