viasna on patreon

ЕС заклікае Беларусь не ўводзіць шэраг новых законапраектаў

2011 2011-10-14T18:12:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Еўрасаюз заклікае ўлады Беларусі не ўводзіць у дзеянне новыя законапраекты, якія носяць рэпрэсіўны характар.

"З вялікім непакоем мы прымаем да ведама зацверджаны ў беларускім парламенце праект паправак да закона аб грамадскіх арганізацыях, нацэлены на міжнародную падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі", - заявіла БелаПАН Майя Кочиянчич, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

Яна адзначыла, што новы законапраект "мае на ўвазе далейшае ўзмацненне жорсткасці абмежаванняў на дзейнасць у краіне грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі, якія ўжо дзейнічаюць у складаных умовах і якія з'яўляюцца аб'ектам абмежавальных правілаў рэгістрацыі".

Прэс-сакратар таксама нагадала, што на мінулым тыдні беларускі парламент прыняў папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах, якія абмяжоўваюць правы грамадзян Беларусі на свабоду выказвання і сходаў.

 "Мы таксама занепакоеныя бягучым разглядам законапраекта аб органах дзяржаўнай бяспекі, які можа пашырыць рэпрэсіўныя паўнамоцтвы КДБ", - сказала Кочыянчыч.

 "ЕС заклікае Беларусь не ўводзіць у дзеянне гэтыя тры законапраекты, улічваючы, што яны сталі б сур'ёзным крокам назад ў сферы правоў чалавека і вяршэнства закона ў Беларусі. Мы працягнем сачыць за сітуацыяй і гатовы да адпаведных дзеянняў", - заявіла прэс-сакратар Кэтрын Эштан .

 Папраўкі ў заканадаўства, якое рэгулюе правядзенне масавых мерапрыемстваў, а таксама грамадска-палітычную дзейнасць у краіне, былі прынятыя ў першы ж дзень работы асенняй сесіі, вечарам 3-га кастрычніка, у адсутнасць СМІ.

Па новым заканадаўстве любыя грамадскія пратэсты без дазволу ўладаў забароненыя, а замежнае фінансаванне НДА становіцца крымінальна каральным злачынствам.

Законапраект аб унясенні змяненняў у закон аб органах дзяржбяспекі, які пакуль толькі ўнесены на разгляд парламента, значна пашырае правы супрацоўнікаў спецслужбаў, у тым ліку дазваляе бесперашкоднае пранікненне ў любы час сутак у жылыя і офісныя памяшканні, прымяненне фізічнай сілы і спецсродкаў.

 Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных НДА і праваабаронцы выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі ўлады адмяніць рэпрэсіўныя законапраекты, якія, па іх ацэнцы, "накіраваны на запалохванне беларускай грамадскасці, ставяць пад пагрозу вяртанне краіны на шлях нармальнага развіцця і заганяюць яе ў становішча самаізаляцыі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства