Суд не задаволіў скаргу віцебскіх актывістаў
Суддзя Чыгуначнага райсуду Алена Грабянчук адхіліла скаргу Аляксея Гаўруцікава — даверанай асобы Мікалая Статкевіча ў часе мінулай прэзідэнцкай кампаніі, кіраўніка абласной арганізацыі руху “За Свабоду!” Хрыстафора Жаляпава і сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава. Яны патрабавалі, каб суд даў ацэнку дзеянням старшыні адміністрацыі Чыгуначнага раёну, які за гэты год не задаволіў ніводнай заяўкі на мітынгі ці пікеты.
Паводле судовай пастановы, кіраўнік раённай адміністрацыі Юры Маскалёў меў рацыю, калі адмаўляў апазіцыянерам – бо ён кіраваўся рашэннем Віцебскага гарвыканкаму № 881 пра парадак падачы заявак на акцыі. У адпаведнасьці з гэтым рашэннем, заяўнікі мусяць ад пачатку заключыць дамовы на абслугоўванне мерапрыемства медыкамі, міліцыянтамі і службай ЖКГ ды прыкласці іх да заяўкі.
Звяртаючыся ў суд, актывісты запатрабавалі, каб была дадзена ацэнка і кіраўніцтву гэтых структураў, бо яны перыядычна адмаўляліся складаць дамовы без папярэдняга дазволу ўладаў. Падчас працэсу, які распачаўся 13 кастрычніка, увогуле высветлілася, што з ЖКГ і міліцыяй адмысловых дамоваў заклічаць не трэба – яны мусяць захоўваць чысціню і сачыць за правапарадкам падчас акцый у сілу сваіх прафесійных абавязкаў.
Аднак суддзя Алена Грабянчук гэтую праблему разглядаць не стала, толькі вынесла прыватнае азначэнне -- рэкамендавала актывістам ініцыяваць судовыя працэсы па кожнай адмове з кожнай канкрэтнай арганізацыі.
Суд ужо другі раз не дапамог віцебскім актывістам дамагчыся забеспячэння рэалізацыі сваіх канстытуцыйных правоў на публічнае выказванне палітычных поглядаў. Некалькі дзён таму ў Чыгуначным райсудзе разбіралася падобная скарга, якую падаў праваабаронца Леанід Свецік, якому таксама забаранілі праводзіць пікет у падтрымку Алеся Бяляцкага. Але суддзя Раман Дзягода палічыў аргументы праваабаронцы неабгрунтаванымі і пастанавіў, што кіраўнік адміністрацыі Чыгуначнага раёну адмовіў у правядзенні пікету на законных падставах.
Рашэнне віцебскага гарвыканкаму, якое стварае перашкоды для заяўнікаў, актывісты таксама спрабавалі аспрэчыць колькі месяцаў таму. Але ім паведамілі, што парадак падачы заявак на масавыя акцыі прайшоў юрыдычную экспертызу і адпаведнае рашэнне ўнесена ў рэестар дзяржаўных дакументаў. Паўторную экспертызу прызначыць немагчыма, і ўнесці змены ў рашэнне можа толькі той самы орган, які яго прымаў. Аднак віцебскі гарвыканкам не бачыць патрэбы ў нейкіх зменах.
“Паводле гэткай логікі, мы мусім рыхтаваць заяўку на мітынг ці пікет за некалькі месяцаў да акцыі, каб паспрабаваць заключыць дамовы з міліцыяй, ЖКГ і хуткай дапамогай, і мець час на тое, каб звярнуцца ў суд, калі яны адмовяць. І, “адваяваўшы” дамовы, звяртацца ў раённую адміністрацыю, якая зноў-такі можа прыдумаць любую падставу для адмовы. Да прыкладу, заявіць, што Парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў якраз у гэты дзень і час заняты пад імпрэзу ГА “БРСМ”, -- каментуе судовую пастанову юрыст Аляксей Гаўруцікаў.