Сёньня - чарговы Дзень салідарнасьці, ініцыятары ягонага правядзеньня заклікаюць прыйсьці ў 20 гадзінаў вечара да амбасады Расейскай Федэрацыі ў Беларусі са сьвечкамі і запатрабаваць спыніць падтрымку беларускага рэжыму
Ініцыятары правядзеньня Дня салідарнасьці адзначаюць, што з краінаў-суседзяў толькі кіраўніцтва Расеі прызнала вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Тым ня менш, як лічаць ініцыятары акцыі, "Расея можа запатрабаваць ад Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі супраць палітычных апанэнтаў і грамадзянскай супольнасьці ды вызваліць палітвязьняў".
Арганізатары Дня салідарнасьці таксама заклікаюць беларусаў, якія жывуць за мяжой, ды грамадзянаў іншых краінаў, якім не абыякавы лёс Беларусі, сёньня выказаць свой пратэст ля амбасадаў і дыпмісіяў Расеі ў розных гарадах сьвету, паведаміла Радыё Свабода.
Ініцыятыва праводзіць Дні салідарнасьці кожны 16 дзень месяца нарадзілася пасьля таго, як 16 верасьня 2005 году міліцыя ў Менску разагнала акцыю, прысьвечаную зьнікненьню Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Зьмітра Завадзкага.