16 чэрвеня ўплывовая міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" распаўсюдзіла заяву ў падтрымку рэдактара "Местной газеты" Андрэя Шантаровіча, які папрасіў палітычнага прытулку на Украіне
"Мы ўжо стаміліся назіраць, як пашыраецца пераслед незалежных журналістаў у Беларусі, - заявілі "Рэпарцёры". "Шантаровіч - не адзіны рэдактар, які пакінуў краіну напрацягу апошніх гадоў, каб пазбегнуць сістэматычных палітычных рэпрэсій. Яго рашэнне - гэта толькі чарговае сведчанне таго, што дысідэнтаў-журналістаў абмяжоўваюць у дзеяннях, затым "выціскаюць" з краіны" - лічаць аўтары заявы.
Арганізацыя прыгадвае прозвішчы траіх журналістаў, якія папрасілі палітычнага прытулку за мяжой з 2004 года: гэта Мікалай Паседзька ("Регион-вести", Светлагорск), які папрасіў прытулку ў Швецыі, Аляксандр Сіліч ("Народная воля"), які звярнуўся да ўладаў Бельгіі, і Алег Мініч (www.mult.3dway.org), які хаваецца ад пераследу ва Украіне.
Па звестках БАЖу, "Рэпарцёры" нагадваюць, што больш як 20 незалежных журналістаў сталі ахвярамі падчас хвалі арыштаў пасля прэзідэнцкіх выбараў і, як і А. Шантаровіч, адбылі турэмнае зняволенне па абвінавачанні ў хуліганстве.