У Польшчы падпісалі 4000 паштовак для Алеся Бяляцкага
Амаль 4000 падпісаных паштовак адпраўлена з Польшчы Алесю Бяляцкаму. Сярод іх – падпісаныя палітыкамі, грамадскімі дзеячамі, журналістамі і звычайнымі людзьмі. Няўрадавыя арганізацыі, якія ўваходзяць у асацыяцыю «Група Замежжа», сумесна з няўрадавым сектарам Беларусі завяршылі кампанію «Салідарныя з Беларуссю. Паштоўкі для арыштаванага Алеся Бяляцкага».
Арганізацыі, якія ўваходзяць у рабочую групу па Беларусі, якая дзейнічае ў рамках «Групы Замежжа», арганізавалі кампанію падпісання і высылання віншавальных паштовак для Алеся Бяляцкага, прымеркаваную да яго дня нараджэння. За час кампаніі падпісана амаль 4000 паштовак. Паштоўкі ў Польшчы падпісвалі вядомыя грамадскія і палітычныя дзеячы, такія як прэм'ер Першага незалежнага ўрада Тадэвуш Мазавецкі, дзеячы дэмакратычнай апазіцыі ў 80-х гадах, а ў цяперашні час дарадцы Прэзідэнта РП Хенрык Вуец і Ян Літыньскі, прадстаўнікі розных палітычных партый, а таксама грамадскія актывісты больш чым трох соцень няўрадавых арганізацый, журналісты і вельмі шмат звычайных людзей, якія хацелі такім спосабам выказаць салідарнасьць з Алесем Бяляцкім. Да гэтай акцыі далучыліся прадстаўнікі іншых дзяржаў, якія прыехалі ў Польшчу на розныя міжнародныя мерапрыемствы, у тым ліку на Нараду 2011 па разгляду выканання абавязацельстваў, прысвечаных чалавечаму вымярэнню АБСЕ.
Паштоўку для Алеся з пажаданнямі хуткага вяртання на свабоду падпісала таксама лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру за 1991 год Аун Сан Су Джы, кіраўнік апазіцыі ў Бірме, якая 14 гадоў знаходзілася пад хатнім арыштам.
Арганізатары кампаніі адзначаюць, што яна сустрэла вельмі цёплы прыём у грамадстве, аб паштоўках для Алеся Бяляцкага і аб яго сітуацыі пісалі газеты, казалі ў перадачах на радыё і тэлебачанні. “Гэтым простым жэстам мы хацелі выказаць нашу салідарнасць з ім і ўсімі актывістамі, якія пераследваюцца рэжымам Лукашэнкі, а таксама выказаць шкадаванне, што польскія ўлады былі датычныя да яго арышту” - кажа Павал Багиньски, дырэктар праграмы «Адкрытая Еўропа» Фонду ім. Стэфана Баторыя.
Падпісаныя паштоўкі былі адпраўленыя ў Мінск, для перадачы ў СІЗА, дзе ў цяперашні час знаходзіцца Бяляцкі.