Аршанскі суд прысудзіў Мікалаю Разумаву 3 гады абмежаваньня волі за "паклёп на прэзідэнта"
Такі вырак па сканчэньні разгляду крымінальнае справы, ініцыяванай аршанскай пракуратурай, вынесла судзьдзя Тацяна Рыбакова. Суд прызнаў Мікалая Разумава вінаватым паводле 367-га артыкулу Крымінальнага кодэксу на падставе выказваньняў сьведкаў і відэазапісу сустрэчы выбарцаў з Аляксандрам Мілінкевічам 24-га лютага, паведаміла Радыё Свабода.
На відэастужцы, зьнятай апэратарам мясцовай тэлекампаніі “Скіф” Сяргеем Яўсеевым, зафіксавана прамова спадара Разумава, які публічна казаў пра тое, што Аляксандар Лукашэнка мае дачыненьне да зьнікненьня Юр’я Захаранкі і Віктара Ганчара, што і было кваліфікавана судом як “паклёп на прэзыдэнта”.
Паводле вынікаў псыхіятрычнай экспертызы ў менскай клініцы Навінкі, падсудны на той момант быў у цалкам сьвядомым стане, хаця на судзе ён заявіў, што ня памятае ні тае сустрэчы, ні ўвогуле падзеяў таго дня, і таму сваёй віны не прызнае.
Ад 14-га сакавіка спадар Разумаў знаходзіўся пад вартай, і толькі пасьля сёньняшняга суду яго адпусьцілі дахаты. Цяпер ён мусіць чакаць на позву, у якой будзе пазначанае месца ягонага пакараньня – “абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу”, інакш кажучы, на “хіміі”.
Гэты працэс выклікаў шарокі рэзанас у Воршы, дзе Мікалая Разумава ведаюць найперш як вядомага рабочага лідара, які на пачатку 1990-х гадоў заклікаў працаўнікоў мясцовых прадпрыемстваў выйсьці на рэйкі на знак нязгоды з сытуацыяй у краіне, арганізаваўшы такім чынам першыя працоўныя страйкі на Беларусі.