Беларускі журналіст Андрэй Шантаровіч папрасіў палітычнага прытулку на Украіне
Заснавальнік і выдавец "Местной газеты", якая выходзіла ў Ваўкавыску, Андрэй Шантаровіч пацьвердзіў, што яму прыйшлося выехаць з краіны 27 сакавіка пасьля выбараў прэзыдэнта Беларусі, бо існавала пагроза ягонаму жыцьцю: "Калі 18 сакавіка мяне прэвэнтыўна арыштавалі перад выбарамі і асудзілі мяне на трое сутак адміністрацыйнага арышту, я знаходзіўся ў ваўкавыскім КПЗ, са мной размаўлялі розныя людзі, якія проста казалі, калі я буду працягваць паводзіць сябе гэтаксама і далей, то наступны арышт блізкі і гэта будзе крымінальная справа".
Андрэй Шантаровіч лічыць, што перасьлед яго, як журналіста, а таксама "Местной газеты", якая неаднаразовы зьведвала перашкоды ў выхадзе і распаўсюдзе, зьвязаны з шэрагам расьсьледаваньняў фактаў карупцыі ў кіраўніцтве Ваўкавыскага раёну, паведаміла Радыё Свабода.