У Сьветлагорскім раёне падведзены вынікі перасьледу ў сувязі з удзелам у перадвыбарчай агітацыі, распаўсюдзе незалежных выданьняў і акцыях пратэсту
У Сьветлагорскім раёне (Гомельская вобласьць) шэраг грамадзкіх і партыйных арганізацыяў супольна падлічылі, што за апошнія 6 месяцаў 17 мясцовых грамадзянаў падвергліся перасьледу ў сувязі з удзелам у перадвыбарчай агітацыі, распаўсюдзе незалежных выданьняў і акцыях пратэсту. Дзевяць чалавек у гэтым сьпісе былі пакараныя арыштамі (у тым ліку тры дзяўчыны): пасаджаныя на 15 сутак былі шасьцёра, на 10 сутак адзін, на 7 сутак двое. Адзін з хлопцаў Вадзім Богдан акрамя арышту "за хуліганства" быў аштрафаваны "за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі". Двое з арыштаваных страцілі працу, двое навучаньне ва ўнівэрсытэтах. Афіцыйныя прычыны арыштаў "хуліганства" і "актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве". Аштрафаваныя былі 5 грамадзянаў (адзін з іх двойчы): за "дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі", "непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі" і "парушэньне выбарчага заканадаўства". Адна з аштрафаваных Натальля Бордак страціла працу. Сума штрафаў склала 1.396.000 руб.
Некалькіх падлеткаў выклікалі ў інспэкцыю па справах непаўнагадовых раённага аддзелу міліцыі па падозраньні ў распаўсюдзе налепак, а адну дзяўчыну Марыяну Мірчук імкнуліся выключыць са школы за ўдзел у акцыі "Запалі сьвечку" на Цэнтральнай плошчы гораду.
"Восем чалавек сярод тых, хто трапіў пад перасьлед - беспартыйныя сябры грамадзкіх абяднаньняў, па двое - з Партыі БНФ і з Партыі камуністаў. Астатнія не належаць да грамадзкіх ці партыйных арганізацыяў", паведаміла прэс-службе Асамблеі НДА Сьвятлана Міхальчанка, першы сакратар раённага камітэту ПКБ.