Пракуратура пагражае адміністрацыйнай адказнасцю за арганізацыю Народнага сходу ў Віцебску
Ірыне Яскевіч уручылі запрашэнне ў пракуратуру Кастрычніцкага раёну, падпільнаваўшы яе каля дзвярэй кватэры. Падчас гутаркі ёй было сказана, што Народны сход – гэта не санкцыянаваная ўладамі акцыя, а таму актывістку папярэджваюць аб адміністрацыйнай адказнасці за арганізацыю і правядзеньне імпрэзы.
Ірына Яскевіч спрабавала тлумачыць, што Народны сход праводзіцца на падставе Закона “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах”, і на яго не распаўсюджваюцца дзеянне закона “Аб масавых мерапрыемствах”. Аднак слухаць яе не сталі.
Актывістка адмовілася распісвацца за атрыманае папярэджанне, і абскардзіць яго ў гарадской пракуратуры ўжо не паспела – да канца працоўнага дня ў гэтай установе заставалася 20 хвілін.
Народны сход у Віцебску мае адбыцца на вуліцы Багдана Хмяльніцкага ў двары дамоў №2 і №4. Тамтэйшыя жыхары ўпершыню наважыліся паставіць пытанні перад уладамі. Іх хвалююць перадусім надзённыя праблемы: наяўнасць «начной» крамы каля дому, нецвярозыя наведнікі якой ператвараюць двор у сметніцу; несанкцыянаваная паркоўка пад вокнамі, дзе ставяць машыны ў тым ліку і супрацоўнікі аблвыканкаму; урэшце, гэта і вялікая яміна, якую работнікі ЖКГ некалі раскапалі каля дзіцячай пляцоўкі, а закапаць забыліся.
Старшыня аргкамітэту па правядзеньні Народнага сходу Ірына
Яскевіч мяркуе, што яе хочуць запалохаць перспектывай адміністрацыйнага
пакарання, каб яна адмовілася праводзіць імпрэзу. У такім выпадку ініцыятыва
можа трапіць да прадстаўнікоў гарвыканкаму, запрошаных на сход , і яны чарговы
раз “накормяць абяцанкамі” мясцовых жыхароў.