viasna on patreon

Пераможцу Рэспубліканскага конкурсу духавых і ўдарных інструментаў Сьвятлану Сьцеганцаву адлічаюць з Каледжу імя Ахрэмчыка

2006 2006-06-13T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Васямнадцацігадовая Сьцеганцава Сьвятлана ў 1997 годзе паступіла вучыцца ў Рэспубліканскі каледж мастацтва імя Ахрэмчыка, на духавое аддзяленьне па сьпецыяльнасьці габой. У 2004 годзе заняла першае месца на Рэспубліканскім конкурсе духавых і ўдарных інструментаў. У 2005 годзе стала стыпендыятам сьпецыяльнага фонда па падтрымцы таленавітай моладзі пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З восені 2005 года Сьвятлана  сябра Моладзі БНФ, яна пачала прымаць актыўны ўдзел у дзейнасьці гэтай арганізацыі. За час выбарчай кампаніі арганізоўвала канцэрты беларускіх гуртоў для дэмакратычнай моладзі, распаўсюджвала газэты і ўлеткі сярод навучэнцаў каледжу і агітавала іх далучацца да супраціву. У намётавым мястэчку стаяла з першага дня, і толькі ў апошнюю ноч з 23 на 24 яе забрала маці, каб тая хоць трохі паспала. Так сталася, што адміністрацыя каледжу атрымала інфармацыю аб актыўным удзеле іх навучэнкі ў дэмакратычным руху , і ўжо на пачатку сэссіі ў дзяўчыны пачаліся праблемы з яе здачай.

Сьвятлана заўжды вучылася на выдатна, але напрыканцы першага семестру ў яе аказалася запазычанасць па дысцыпліне "Гармонія", на падставе якой выкладчыца Ходас Ганна Віктараўна пазбавіла Сьвятлану індывідуальных заняткаў, што толькі пагоршыла становішча навучэнкі. Дырэктар каледжу Шахава Людміла Мікалаеўна прапанавала дзяўчыне забраць дакументы па сямейных абставінах, але тая адмовілася. Увесь гэты прэсінг з боку адміністрацыі Рэспубліканскага каледжу мастацтва імя Ахрэмчыка толькі ўмацавалі баявы дух дзяўчыны. Вось як яна пракаментавала сваё адлічэньне ПЦ "Вясна": "Вельмі непрыемна стала знаходзіцца ў некалі родных сьценах каледжу. Такое пачуцьцё, быццам бы сьцены навальваюцца. Вельмі цяжка займацца творчасьцю ў гэтай навучальнай установе, дзе губляюцца традыцыі Каледжу, цяжка бачыць, як каледж ператвараецца ў казарму, а ініцыятыва навучэнцаў не вітаецца. Я не бачу сваёй творчай будучыні ў каледжы, таму нават недзе крыху радая, што мяне адлічаюць, але мне і крыўдна за сваю краіну, бо мне шкада тых студэнтаў, якія сьцерпяць ціск адміністрацыі і стануць бязвольнымі, бо толькі свабодны ў душы чалавек здольны тварыць. Хачу зьвярнуцца да ўсіх студэнтаў, якіх закранула рэпрэсіўная хваля. Сябры, праўда за намі! За намі свабода! Змагайцеся, не бойцеся, бо рэжым у хуткім часе загнецца, і мы, вольныя людзі нашай краіны, дапаможам яму ў гэтым. Таксама хачу зьвярнуцца да катаў рэжыму - Рыхтуйцеся! Зямля будзе гарэць пад вашымі нагамі! Шкада мне вас, бязвольных прыслужнікаў!"

Цяпер Сьвятлана мае намер працягнуць вучобу ў адной з вышэйшых музычных навучальных установаў Еўропы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства