10 чэрвеня ў парку Дружбы народаў каля плошчы Бангалор адбыліся два пікеты. Адзін у падтрымку Аляксандра Казуліна, другі "у падтрымку народаў Абхазіі, Малдовы, Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі, Паўднёвай Асеціі і Грузіі"
Пікеты ў падтрымку экс-кандыдата на прэзідэнты Аляксандра Казуліна праводзяцца з дазволу ўладаў штодзённа пачынаючы з 2 чэрвеня. Па звестках БелПАН, правядзеньне акцыі ў падтрымку народаў Абхазіі, Малдовы, Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі, Паўднёвай Асеціі і Грузіі было ініцыявана Рэспубліканскім грамадзкім аб'яднаньнем "За Саюз і камуністычную партыю Саюза" (РГА "СКПС") і дазволена Мінгарвыканкамам.
У пікеце ўзялі ўдзел прадстаўнікі рэспубліканскіх грамадзкіх аб'яднаньняў "За дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасьць", Беларускага саюза афіцэраў, Міжнароднага жаночага руху "Адзінства", Міжнароднага саюза савецкіх афіцэраў, расійскай Нацыянал-бальшавіцкай партыі, Авангарду Чырвонай Моладзі і інш.
Пікетчыкі трымалі расьцяжкі: "Так Саюзу! Не Эўрасаюзу!" і "Ад Саюзнай дзяржавы да Савецкага Саюза". На шматлікіх плякатах былі надпісы: "Народы Абхазіі, Грузіі, Малдовы, Прыднястроўя і Паўднёвай Асеціі! Чакаем вас разам у Саюзнай дзяржаве!", "Варонін, Саакашвілі, Юшчанка стаўленікі глябалістаў!", "Войскі ЗША і НАТО! Прэч з тэрыторыі СССР!", "Рукі прэч ад Беларусі і яе прэзыдэнта!", "Будзе СССР не будзе міжнацыянальных разладаў" і да т.п. Прадстаўнікі нацыянал-бальшавікоў скандавалі: "Слава Саюзу! Не Эўрасаюзу!"
"Мы заклікаем народы Грузіі і Малдовы падтрымаць брацкія народы Абхазіі, ПМР і Паўднёвай Асеціі, прымусіць калябарацыянісцкія рэжымы Вароніна і Саакашвілі паважаць іх волю, запатрабаваць уваходжаньня Грузіі і Малдовы не ў Эўрасаюз, а разам з Абхазіяй, ПМР і Паўднёвай Асеціяй у Саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі", гаворыцца ў заяве, прынятай удзельнікамі пікета.