Замежны вопыт на беларускі манер
Брэсцкія актывісты палітычных партый атрымалі адказ на свой калектыўны зварот да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, які тычыўся ўдасканалення заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
У звароце, які быў накіраваны дэпутатам яшчэ ў жніўні, звярталася ўвага на тое, што ў цяперашніх умовах пры дзеючым Законе РБ “Аб масавых мерапрыемствах” грамадзяне краіны фактычна пазбаўлены магчымасці реалізоўваць свае правы на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, а запланаваныя змены ў гэты Закон могуць выклікаць яшчэ больш жорсткія абмежаванні на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Размова ідзе пра прапанову, згодна з якой да пікетавання можа быць аднесена “сумесная масавая прысутнасць грамадзян у вызначаным грамадскім месцы і ў вызначаны час дзеля здзяйснення загадзя вызначанага дзеяння альбо бяздзеяння…”
Аўтары звароту прапанавалі (па прыкладу многіх еўрапейскіх краін, у тым ліку, дзяржаў-суседзяў Беларусі) змяніць дазвольны прынцып правядзення масавых мерапрыемстваў на паведамляльны і прадставіць арганізатарам права самастояна вырашаць пытанне пра выбар месца правядзення акцыі.
З адказу, які падпісаў старшыня камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Юшкевіч, вынікае, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў вывучылі замежны вопыт, што тычыцца прававога рэгулявання парадку правядзення масавых мерпрыемстваў. Старшыня парламенцкай камісіі паведамляе, што “рэгламентацыя парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у асобнай дзяржаве залежыць ад грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, што склалася, і абумоўлена правадзімай унутранай палітыкай у канкрэтнай дзяржаве”.
Што тычыцца дазвольнага парадку правядзення такіх мерапрыемстваў у Беларусі, дык на думку А.Юшкевіча, гэты прынцып і “ўстаноўленыя законам месцы і час правядзення масавых мерапрыемстваў дазваляюць мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, а таксама праваахоўным органам, максімальна забяспечыць умовы для рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, грамадскую бяспеку і грамадскі парадак пры правядзенні такіх мерапрыемстваў на вуліцах, плошчах і ў іншых грамадскіх месцах”.