Жыхароў у Дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў не менее
Зараз у Доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, які знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Бялынічы Магілёўскай вобласці, пражывае 271 чалавек. Яшчэ ў 2004 годзе ў Доме-інтэрнаце было нашмат менш людзей - 179 чалавек. Абсалютная большасць старых, якія там пражываюць, маюць дзяцей і блізкіх сваякоў.
Бялыніцкі Дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў прыняў першых жыхароў у 1995 годзе. Пасля гэтага колькасць яго пастаяльцаў павялічвалася год ад года, што і не дзіўна, бо зараз у Магілёўскай вобласці толькі два Дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў агульнага тыпу, іншыя лічацца псіханеўралагічнымі. Дом-інтэрнат на добрым рахунку, яго калектыў неаднаразова быў у ліку прызёраў аглядаў-конкурсаў сярод аналагічных устаноў нашай краіны, таму для пражывання яго жыхароў створаныя вельмі добрыя ўмовы. У пачатку 2000-х гадоў у Бялыніцкім Доме-інтэрнаце нават дажываў свой век знакаміты ваенны лётчык, Герой Савецкага Саюза Мікалай Кітаеў. Аднак, нягледзечы на вельмі добрыя ўмовы ўтрымання, большая частка старых марыць аб тым, каб дажываць свой век у родных сценах.
Былы работнік дома састарэлых Валянціна, якая сама не так даўно выйшла на пенсію, кажа, што цалкам адзінокіх старых сярод жыхароў Бялыніцкага ДСІ не так і шмат:
У многіх з іх ёсць дзеці і блізкія сваякі, – кажа Валянціна. – Аднак жыццё складаецца так, што пра некаторых старых дзеці проста “забываюцца”, у іншых дзеці самі ўжо маюць салідны ўзрост і складанае матэрыяльнае становішча, таму для старых лепш, што іх даглядае дзяржава. Многія сатарэлыя ўжо не маюць сілы самі сябе абслугоўваць, дзе ж ім тыя дровы ў вёсцы нарыхтаваць ды ў печ паліць…
Па словах спадарыні Валянціны, старыя вельмі рады, калі іх наведваюць сваякі:
Яны вельмі радыя, калі да іх прыязджае хто-небудзь з блізкіх. Ведаеце, кожнаму хочацца паразмаўляць з блізкім чалавекам, падзяліцца ўспамінамі пра жыццё. Аднак пра многіх старых сваякі забыліся, наведваюць іх вельмі рэдка. А большасць жа старых марыць аб тым, каб памерці ў родных сценах, сярод блізкіх людзей. Умовы ў Бялыніцкім ДСІ сапраўды вельмі добрыя, але казённы дом усё-роўна застаецца казённым, усё трэба рабіць па распарадку.
У 2010 годзе ў Рэспубліцы Беларусь налічвалася 73 дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў, у якіх пражывала больш за 17 тысяч чалавек.