Пракуратура Рэспублікі Беларусь вынесла другое афіцыйнае папярэджаньне дырэктару Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў прафэсару Алегу Манаеву
Дзесяць дзён таму старшы сьледчы рэспубліканскай пракуратуры Станіслаў Новікаў ужо выклікаў прафэсара Манаева для размовы і тлумачэньняў па выніках дасьледаваньняў, якія былі апублікаваныя пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
8 чэрвеня Станіслаў Новікаў зноў выклікаў Алега Манаева і азнаёміў з афіцыйным пісьмовым папярэджаньнем. Дакумэнт падпісаны намесьнікам пракурора краіны Мікалаем Купрыянавым. Нагадаю, першае папярэджаньне Алегу Манаеву было вынесенае пракуратурай 30 сьнежня 2005 году.
"Сьледчы патлумачыў мне, што мінулы раз, перад Новым годам, са мной вельмі мякка абышліся. Гэта было проста папярэджаньне. Ён казаў, што ў выпадку парушэньняў я буду прыцягнуты па Адміністрацыйным кодэксе. А цяпер мне пагражае крымінальная справа, той самы артыкул 369, які ўступіў у дзеяньне з 1 студзеня аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь", распавёў сацыёлаг Радыё Свабодзе.
У папярэджаньні рэспубліканскай пракуратуры гаворыцца: "Вам прапаноўваецца спыніць распаўсюджваньне непраўдзівых зьвестак аб выніках галасаваньня на выбарах прэзыдэнта ў 2006 годзе... Другое спыніць правядзеньне сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў, што парушаюць патрабаваньні заканадаўства. У выпадку, калі будзе працягвацца распаўсюджваньне непраўдзівых зьвестак, вы будзеце несьці крымінальную адказнасьць у адпаведнасьці з артыкулам 369".
Найбольш сурёзным прафэсар Манаеў лічыць другі пункт папярэджаньня наконт спыненьня сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў. На ягоную думку, на такую забарону ў пракуратуры няма ніякіх законных падставаў. Старшы сьледчы Новікаў, у сваю чаргу, спасылаецца на пастанову Савету міністраў, згодна з якой усе юрыдычныя асобы, якія праводзяць апытаньні грамадзкай думкі, павінны атрымаць акрэдытацыю ў адмыслова створанай камісіі, якую ачольвае дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Катляроў. Прафэсар Манаеў сваю групу дасьледчыкаў юрыдычнай асобай ня лічыць: "А мы не юрыдычная асоба, мы проста група прыватных асобаў, навукоўцаў: у вольны ад працы час на валянтэрскіх асновах праводзім дасьледаваньні. А яны настойваюць на сваёй інтэрпрэтацыі, што ніхто ў гэтай краіне ня мае права праводзіць наагул ніякіх дасьледаваньняў і апытаньняў. Гэта, канечне, абсурдна, і выводзіць кантроль дзяржавы над грамадзтвам у Беларусі на новы ўзровень".
Такім чынам, прафэсар Манаеў мае ўжо два папярэджаньні пракуратуры. У траўні папярэджаньні пракуратуры атрымалі таксама лідэр абяднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч і журналістка Ірына Халіп.