Амэрыканскае аддзяленьне міжнароднай арганізацыі Amnesty International ініцыявала акцыю міжнароднай падтрымкі актывістаў незарэгістраванай арганізацыі "Партнёрства"
Summer Postcard Action у перакладзе "Летняя акцыя паштовак" мае на мэце даць зразумець беларускай дзяржаве, што лёс актывістаў "Партнёрства" хвалюе людзей з усяго сьвету.
Сутнасьць акцыі Summer Postcard Action такая: сябры Amnesty International разам у сьвеце іх каля 75 тысячаў, дасылаюць у Менск, на адрэсу КДБ, паштоўкі са словамі падтрымкі ў бок Эніры Браніцкай, Цімафея Дранчука, Міколы Астрэйкі і Аляксандра Шалайкі.
Дырэктар расійскага прадстаўніцтва Amnesty International Сяргей Нікіцін тлумачыць: акцыя распачалася ў рамках праекту тэрміновай дапамогі. "Яна даволі эфэктыўная. Калі да лічбаў, то каэфіцыент карыснага дзеяньня гэткіх акцыяў 30-40% паводле нашых назіраньняў. Гэтыя акцыі ўздымаюць маральны дух палітвязьняў і часта дапамагаюць зрабіць умовы ўтрыманьня нармальнымі хаця б такімі, якімі яны павінны быць паводле закону," - паведаміў ён Радыё Свабодзе.
Прыкладам плённых дзеяньняў Amnesty International Сяргей Нікіцін называе акцыі тэрміновай дапамогі на падтрымку Сяргея Васільлева і Валерыя Леванеўскага ў Беларусі, а таксама расейскага палітвязьня Бахрума Хамроева.
На думку былога палітвязьня Валерыя Леванеўскага, міжнародная ўвага да ягонага лёсу сапраўды мела плён: "Маральная падтрымка гэта неятолькі тое, што мне прыемна атрымаць вялізную колькасьць лістоў. Мяняецца грамадзкае стаўленьне. Натуральна, адміністрацыя турмы, пракуратуры ставіцца больш уважліва. Не выключаю, што некаторыя правапарушэньні, якія маглі быць зь іх боку ў дачыненьні да мяне, не ажыцьцявіліся. Бо адміністрацыя разумела: розгалас забясьпечаны".
На сёньняшні дзень Amnesty International лічыць вязьнямі сумленьня 18 палітзьняволеных Беларусі. Гэта вельмі шмат, кажа Сяргей Нікіцін, выказваючы вялікую заклапочанасьць беларускай сітуацыяй з боку Amnesty International.