Міжнародная экалагічная арганізацыя "Грынпіс" прэзэнтавала незалежнае дасьледаваньне вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС
Эксперты "Грынпіс" заяўляюць, што афіцыйная пазіцыя міжнароднай супольнасьці ў справе ацэнкі наступстваў Чарнобылю не адпавядае рэчаіснасьці. Як вядома, мінулай восеньню Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў у супольнасьці з Міжнародным агенцтвам атамнай энэргіі (МАГАТЭ) і Ўсясьветнай арганізацыяй аховы здароўя абнародавалі справаздачу, у якой гаворыцца, што наступствы Чарнобылю не зьяўляюцца надзвычайнымі і маштабнымі.
Справаздачу "Грынпіс" рыхтавалі больш за 50 навукоўцаў з розных краінаў сьвету. Паводле гэтага незалежнага дасьледаваньня, наступствы аварыі ёсьць прычынаю сьмерці амаль ста тысяч чалавек, а не чатырох тысяч, як гэта сьцьвярджаюць экспэрты афіцыйных міжнародных структураў. Што акрамя Беларусі, Расеі і Украіны таксама моцна пацярпелі краіны Заходняй Эўропы, кажа прадстаўнік "Грынпіс" Іван Блокаў. "Мэтай дакладу было паказаць сапраўдны маштаб катастрофы. Што нельга казаць пра гэтую аварыю як пра шараговае здарэньне. Нельга скарыстоўваць словы, выказаныя тагачасным кіраўніком МАГАТЭ, што сьвет можа вытрымаць адзін такі Чарнобыль штогоду. Сьвет ня можа вытрымаць ніводнага Чарнобылю".
Паводле спадара Блокава, справаздача "Грынпіс" таксама зьняпраўджвае высновы афіцыйных дасьледчыкаў пра немэтазгоднасьць масавага перасяленьня жыхароў і фінансавых укладаньняў у справу мінімізацыі наступстваў на забруджаных тэрыторыях. Меркаваньні незалежных экспэртаў падтрымлівае таксама навуковец і палітык Станіслаў Шушкевіч: "Справаздача МАГАТЭ была скіраваная на тое, каб у сьвеце не было страху перад атамнай энэргіяй. Я ня думаю, што ў той справаздачы ўсё было чыста. Таму "Грынпіс" мае падставы гэтым займацца".
Справаздача ААН і МАГАТЭ сталася яшчэ адной падставай для кіраўніцтва Беларусі адкрыта выказвацца за будаўніцтва АЭС, прапагандаваць магчымасьць здаровага ладу жыцьця на забруджаных тэрыторыях, а таксама замоўчваць праўду. Таму пашырэньне праўдзівай інфармацыі пра наступствы аварыі на ЧАЭС ёсьць вельмі важным, кажа адзін з прыхільнікаў антыядзернай Беларусі, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч: "Праўды няма пра Чарнобыль, праўды ня кажуць пра Чарнобыль, ня кажуць пра захворваньні, ад якіх пакутуюць нашыя людзі. Харчы ў Беларусі вельмі забруджаныя й небясьпечныя. І таму патрэбна, каб людзі ведалі пра гэтую небясьпеку".
Паводле справаздачы ААН, падрыхтаваную з удзелам экспэртаў МАГАТЭ і Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, на прылеглых да Чарнобылю тэрыторыях не было зафіксавана росту захворваньняў, не назіралася зьніжэньня нараджальнасьці й прыроджанага калецтва дзяцей. А найбольшай мэдычнай праблемай зьяўляецца не фізычнае здароўе людзей, а псіхалагічныя стрэсы, выкліканыя дэзынфармацыяй пра небясьпеку.
Справаздача ААН і МАГАТЭ пазьней была скрытыкаваная многімі грамадзкімі і экалягічнымі арганізацыямі. А міжнародная арганізацыя "Дактары сьвету за прадухіленьне ядзернай вайны" зьвінавацілі МАГАТЭ і Ўсясьветную арганізацыю здароўя ў тэндэнцыйнасьці, а таксама спробах схаваць праўдзівыя маштабы чарнобыльскай катастрофы, паведаміла Радыё Свабода.