viasna on patreon

2 чэрвеня ў Мінску адбыўся чарговы справаздачна-выбарчы З'езд грамадзкага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

2006 2006-06-05T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З'езд пераабраў кіраўніцтва арганізацыі, а таксама прыняў шэраг важных дакументаў. Старшынёй арганізацыі засталася Жанна Літвіна, паведаміла прэс-служба БАЖу.

На з'ездзе прысутнічалі 79 дэлегатаў з 82 вылучаных. На самым пачатку сабраныя ўшанавалі памяць сваіх калегаў, якія пайшлі з жыцця за 3 гады, што мінулі з часу правядзення апошняга з'езду: Веранікі Чаркасавай, Васіля Гроднікава, Анатоля Ярася, Карласа Шэрмана, Віктара Шавялевіча, Алега Дунаеўскага, Дзмітрыя Кісяля, Пятра Нагнібяды.
З'езд заслухаў справаздачы кіраўніцтва БАЖ, кантрольна-рэвізійнай камісіі, камісіі па этыцы, а таксама даў магчымасць выказацца прысутным.
Па выніках працы былі прынятыя некалькі дакументаў. Сярод іх - зварот да журналісцкай супольнасці "Журналістыка - прафесія сумленных і адказных" (Маніфест сумлення), у якім дэлегаты заклікалі калегаў "усвядоміць усю глыбіню адказнасці, якую журналісты нясуць перад грамадствам", і "абвясцілі сваю адданасць прынцыпам прафесійнай журналістыкі і журналісцкай этыкі". Акрамя гэтага, дэлегаты большасцю галасоў вырашылі рэкамендаваць сябрам БАЖ у якасці "высокага арыентыру прафесійных паводзінаў" Кодэкс журналісцкай этыкі, распрацаваны яшчэ да мінулага з'езду.

Шляхам адкрытага галасавання З'езд абраў новыя кіруючыя органы арганізацыі. Дэлегаты адзінагалосна падтрымалі прапанову аднаго з дэлегатаў і пераабралі на пасаду кіраўніка арганізацыі Жанну Літвіну. Паўнамоцтвы двух намеснікаў старшыні БАЖ - Андрэя Бастунца і Таццяны Мельнічук - былі працягнутыя; таксама былі абраныя на пасаду намеснікаў Аляксандр Старыкевіч і Аліна Суравец.
Дэлегаты абралі Праўленне арганізацыі, у якое ўвайшлі старшыня БАЖ і яе намеснікі, а таксама Эдуард Мельнікаў, Міхаіл Пастухоў, Вячаслаў Хадасоўскі, Сяргей Вазняк, Алёна Андрэева, Аляксандр Класкоўскі, Аляксандр Тамковіч, Уладзімір Дзюба. У Раду арганізацыі ўвайшлі 39 чалавек, сярод якіх - усе кіраўнікі філіяў БАЖ, а таксама такія вядомыя журналісты, як Юлія Слуцкая, Святлана Калінкіна, Юрась Карманаў, Анатоль Гуляеў, Андрэй Дынько і іншыя. Была абраная кантрольна-рэвізійная камісія і камісія па этыцы, якую зноў узначаліў Сяргей Законнікаў. Дэлегаты прынялі змены ў Статут (лінк) арганізацыі.
На з'ездзе таксама адбылася прэзентацыя кнігі Аляксандра Тамковіча "Лёсы".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства