Актывістку дэмакратычнага руху са Сьветлагорску беспрацоўную Натальлю Бордак абавязваюць выплаціць штраф
Беспрацоўную Натальлю Бордак актывістку дэмакратычнага руху ў Сьветлагорску днямі выклікалі позвай у суд і папярэдзілі, што яна павінна выплаціць штраф. Суд Сьветлагорскага раёну (Гомельская вобласьць) напрыканцы сакавіка наклаў на Н. Бордак штраф за тое, што ў час перадвыбарчай агітацыі плякат кандыдата ў прэзыдэнты А. Мілінкевіча 5 хвілінаў стаяў у "непрызначаным месцы". Напярэдадні суду на Н. Бордак ціснулі на працы, з-за чаго ёй давялося звольніцца таксама ў сувязі з выбарчай кампаніяй. На яе ўтрыманьні сын-школьнік і дачка-студэнтка. Раней Н. Бордак да адказнасьці не прыцягвалася. І хоць за падобнае "правапарушэньне" заканадаўствам дапускаецца штраф ад 0,1 базавай велічыні, судзьдзя Ірына Алісейка прызначыла 2 базавыя велічыні: 62000 руб.
У красавіку Н. Бордак напісала заяву судзьдзі і старшыні раённага выканаўчага камітэту, у якой патлумачыла, што ў яе няма нічога, што можна было б унесьці ў мясцовы бюджэт у якасьці штрафу. Атрымаўшы заяву, судзьдзя выклікала грамадзкую актывістку на размову, дзе паведаміла, што рашэньне аб штрафе адмяніць немагчыма, "а калі ў Вас няма чым плаціць значыць, з Вас і няма чаго спагнаць".
Аднак цяпер судовая выканаўца папярэдзіла Натальлю Бордак, што штраф выплочваць усё роўна трэба, "хоць бы па частках", паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА.
У гэтыя ж дні з гарадзкога жыльлёва-эксплюатацыйнага ўпраўленьня № 1 Н. Бордак даслалі папярэджаньне аб тым, што з-за неўнясеньня камунальных плацяжоў у яе кватэры адключаць вадаправод і электрычнасьць.