viasna on patreon

Еўрапейскі Зьвяз выступіў у абарону Беларускага Хельсінскага камітэту (БХК) і запатрабаваў ад уладаў неадкладна спыніць перасьлед гэтай арганізацыі, які, паводле Брусэлю, мае палітычны характар

2006 2006-06-02T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аўстрыйская прэзыдэнцыя ў адмысловай заяве ад імя Эўрапейскага зьвязу падкрэсьлівае, што яшчэ 4 студзеня Брусэль выказаў расчараваньне рашэньнем Вышэйшага гаспадарчага суда Беларусі ў справе БХК, які пастанавіў, што гэтая арганізацыя ўсё ж павінна плаціць штрафы, вызначаныя раней.

"У сувязі з гэтым Эўрапейскі Зьвяз вельмі занепакоены запытам міністэрства юстыцыі Беларусі ў Вярхоўны суд краіны аб спыненьні дзейнасьці Беларускага Хэльсынскага камітэту за меркаваныя парушэньні ў выплаце падаткаў, а таксама іншыя парушэньні, якія падаюцца палітычна матываванымі. Эўразьвяз заклікае беларускія ўлады неадкладна спыніць кампанію перасьледу БХК, кампанію, якая можа скончыцца закрыцьцём адзінай зарэгістраванай праваабарончай арганізацыі ў Беларусі. Эўрапейскі Зьвяз заклікае таксама ўлады неадкладна адклікаць абвінавачаньні на адрас БХК, выконваючы такім чынам свае міжнародныя абавязацельствы",  гаворыцца ў заяве Эўрапейскага зьвязу.

У дакумэнце адзначаецца, што БХК як атрымальнік сродкаў у межах эўразьвязаўскай праграмы дапамогі ТАСІС, вызвалены ад выплаты падаткаў і мытаў, што прадугледжвае пагадненьне ў гэтай справе паміж Эўрапейскім зьвязам і Беларусьсю, падпісанае ў 1994 годзе.

"Эўрапейскі зьвяз яшчэ раз выказвае сваю поўную падтрымку для працы Беларускага Хэльсынскага камітэту, які грае важную ролю ў папулярызацыі правоў чалавека ў Беларусі і чакае, каб як мага хутчэй працягнуць супрацоўніцтва з БХК",  гаворыцца ў заяве Аўстрыйскай прэзыдэнцыі Эўрапейскага Зьвязу.

Гэты дакумэнт падтрымалі і краіны-кандыдаткі на далучэньне да Эўразьвязу  Румынія і Баўгарыя, а таксама Турэччына, Харватыя, Македонія, Альбанія Босьнія і Герцагавіна, Украіна і Малдова, паведаміла Радыё Свабода.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства