viasna on patreon

Таццяна Рэвяка

2011 2011-08-31T14:26:23+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/raviaka.jpg
Тацяна Равяка

Тацяна Равяка

Хаця абставіны нашай сустрэчы былі вельмі сумнымі, пачалася яна са смеху. Аказалася, Вікіпедыя напісала, што Таццяна Рэвяка з’яўляецца жонкай Алеся Бяляцкага. Давялося выпраўляць памылку, а то б магла пакрыўдзіцца сапраўдная жонка Алеся.

Пачатак жыцця

Таццяна Рэвяка на самай справе з’яўляецца прыгожай жанчынай. Гэта не камплімент. Гэта канстатацыя факту. І ён далёка не адзінкавы.

Не так даўно знаёмы Таццяны паскардзіўся на ноч без сну таму, што ў яго дачкі рэзаліся зубкі, і пачуў: «Калі вашай дачцэ будзе столькі ж, колькі маёй, будзеце спаць яшчэ меней». Зразумела, ён пацікавіўся ўзростам Рэвяка-малодшай і быў уражаны — 21 год.

Таццяна Рэвяка (дзявочае прозвішча Ліннік) нарадзілася 17 студзеня 1968 года ў Салігорску. Напісаў і пачырванеў — работа проста прымушае пытацца ў жанчын пра ўзрост. Таму, выкарыстоўваючы гэтую нагоду, я прашу ў іх усіх прабачэння.

Калі за плячамі Таццяны засталася дзявятая агульнаадукацыйная школа, далейшым арыенцірам быў абраны філалагічны факультэт БДУ. Напэўна, на гэтым не варта было б спыняць увагу, каб не абставіны, у якіх быў зроблены выбар.

Справа ў тым, што Таццяна займалася спортам. Дакладней, спартыўным арыентаваннем, «паляваннем на ліс». Калі ўсе здавалі іспыты, каб атрымаць школьны атэстат, яна абараняла гонар БССР на чарговых усесаюзных спаборніцтвах. Па іх завяршэнні ў яе засталося ўсяго толькі два тыдні для падрыхтоўкі. Часу вагацца не было, таму абрала яна тое, што было бліжэй да сэрца, — філалогію. Пагадзіцеся, рызыка вельмі вялікая, бо пісьмовыя памылкі — менавіта тое, чаго патэнцыйныя студэнты баяцца больш за ўсё.

 Школьныя адзнакі (усе «выдатна, акрамя «чацвёркі» па хіміі) давалі шанец. І яна яго не ўпусціла.

Метамарфозы жыцця

Спецыялізацыяй была беларуская і руская філалогія, першым заняткам (1 верасня 1985 года) стала лекцыя па этнаграфіі, якую прачытаў Ніл Сымонавіч Гілевіч. А калі сакурснік Сева Рагойша звярнуўся да яе па-беларуску, гэта яшчэ раз пераканала — выбар зроблены правільны. Асабліва з улікам новага палітычнага фону — абвешчанага Міхаілам Гарбачовым курса на знакамітую перабудову.

У адной групе з Таццянай вучылася вядомая зараз Паліна Сцепаненка (тады Качаткова), маці якой выкладала ў Алеся Бяляцкага. Прозвішча гэта вельмі часта гучала ў студэнцкім асяроддзі, таму што ён быў адным з двух заяўнікаў знакамітых «Дзядоў–88».

Таццяна Рэвяка сябравала з Палінай яшчэ з часоў «абітуры», дзе жыла з ёй у адным пакоі і абмяркоўвала тры падзелы Рэчы Паспалітай. І хаця яна актыўна цікавілася тэмай іншадумства, нават дапусціць не магла, што некалі лёс на дзесяцігоддзі звядзе яе менавіта з Алесем Бяляцкім.

Падзеі апошніх гадоў існавання СССР вельмі хутка змянялі свядомасць людзей, выводзілі найперш моладзь за межы закаснелых партыйна-камсамольскіх догмаў. У нейкім сэнсе студэнцкі перыяд жыцця кожнага чалавека закладае падмурак яго светапоглядаў. У той час для Таццяны адкрываліся вочы на вялізарныя пласты, звязаныя з развіццём культуры, літаратуры, філасофіі.

Размеркавалі яе ў адну з мінскіх школаў, але ніводнага дня Таццяна там не працавала, бо пасля дэкрэтнага водпуску (на пятым курсе нарадзіла дачку Насту) пераводам адразу пайшла працаваць у літаратурны музей імя Максіма Багдановіча, дзе дырэктарстваваў Алесь Бяляцкі. Было гэта 20 гадоў таму.

Самае цяжкае выпрабаванне

У жніўні 1998 года Алесь Бяляцкі добраахвотна сышоў з пасады дырэктара музея, а ў кастрычніку ўслед за ім сышла Таццяна Рэвяка. Праваабарончы цэнтр «Вясна–96» стане іх новым прызваннем і грамадзянскім абавязкам. Арганізацыя, заснаваная ў 1996 годзе, была афіцыйна зарэгістравана ў 1998-м.

У наступным годзе адбылося тое, што стане самым цяжкім за ўсе 13 гадоў працы на новым месцы — трагедыя на Нямізе. Калі зараз даводзіцца кантактаваць з роднымі і блізкімі тых, хто апынуўся за кратамі пасля падзей 19 снежня 2010 года, адчуваеш, што ў гэтых людзей ёсць надзея на будучыню. У 1999-м яе не было. У тых, хто страціў сваіх дзяцей, родных і блізкіх, засталася толькі памяць пра іх.

Умоўна супрацоўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна» падзяліліся на дзве катэгорыі — юрысты і «філолагі». Першыя дапамагалі пацярпелым на Нямізе пісаць грамадзянскія іскі, другія, каб захаваць памяць пра загінуўшых, узяліся за складанне адпаведнай кнігі.

Менавіта гэтай работай і заняліся Таццяна Рэвяка з Палінай Сцепаненкай. Можна толькі ўявіць, колькі яна тады ўбачыла чалавечых слёз і перажыла людскіх эмоцый, але ўрэшце кніга ўспамінаў сваякоў загінулых роўна праз год была надрукаваная.

Лад жыцця

Не хачу нікога пакрыўдзіць з апазіцыйных структур, але многія з іх альбо перасталі існаваць, альбо сталі маргіналамі нават ад паловы тых выпрабаванняў, што выпалі на долю «Вясны». Па сутнасці сёння гэта адна з нешматлікіх структур, якая не толькі здолела захавацца на апазіцыйным полі, але і падняць у вачах людзей свой рэйтынг. Упэўнены, менавіта па гэтай прычыне іх і «прэсуюць».

Праваабарончы цэнтр «Вясна» — не проста места працы пэўных людзей. Гэта, як адзначыла сама Таццяна Рэвяка, лад жыцця. Вялікая ступень даверу, павагі і ўзаемаразумення. Знаёмыя ўсім з ранняга дзяцінства іерархічныя прынцыпы дэмакратычнага цэнтралізму дзейнічаюць там даволі ўмоўна. Калі не сказаць — адсутнічаюць увогуле. Як і прынцып: я — начальнік, ты — … усё астатняе.

Для дзяржавы, дзе пануе «вертыкаль», падобны падыход з’яўляецца, мякка кажучы, не тыповым.

Асабліва яскрава гэта праявілася падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў, бо менавіта яны і сталі для пазбаўленай рэгістрацыі «Вясны» своеасаблівай кропкай адліку, полем змагання. Нягледзячы на шматлікія спробы знішчыць праваабарончы цэнтр (закрыць і пагрозу «пасадзіць усіх за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), ён працягваў дзейнічаць. І вельмі эфектыўна.

Не буду ўзгадваць усе перыпетыі падзей, што наўпрост або ўскосна звязаныя з 19 снежня 2010 года, бо яны і так добра вядомыя. Адных толькі вобыскаў у «Вясне» было аж пяць. Адзін з іх варты таго, каб пра яго расказаць асобна, хаця б па той прычыне, што ён нагадвае нейкі трагікамічны дэтэктыў і здарыўся менавіта ў дзень народзінаў Таццяны Рэвяка.

17 студзеня 2011 года Таццяна, як і мае быць, прыйшла ў офіс «на абцасах» і ўся па-святочнаму «такая прыгожая». Менавіта ў гэты момант да іх таксама «прыйшлі». Мабыць, для таго каб «даканфіскаваць» тое, што не забралі ў паслявыбарную ноч.

Нагадаю, што офіс «Вясны» месціцца на першым паверсе, і, як звычайна, у мэтах бяспекі вокны там цалкам закратаваныя. І толькі на адным (кухонным) ёсць адпаведны замочак. Яно і не папала пад нагляд спецыяльных службаў. Менавіта праз яго Алесь Бяляцкі і загадаў ратавацца сваім паплечнікам. А сам у гэты момант разам з Валянцінам Стэфановічам праз дзверы «вёў перамовы» з нечаканымі «гасцямі».

Так і зрабілі. Мабыць, калі б нехта «выклаў» на YouTube адпаведны відэаролік, той бы мог стаць сапраўдным хітом, бо ўбачыць, як праз акно лезе на абцасах, з кампутарам у руках вельмі інтэлігентная імянінніца — яшчэ тая карціна.

Можна толькі здагадвацца, што адчувалі «людзі ў цывільным», калі замест дзесяці супрацоўнікаў «Вясны», якія пад іх пільным назіраннем увайшлі ў памяшканне, знайшлі там толькі двух…

Самае нечаканае выпрабаванне

Зразумела, пазбавіцца «бяльма на вачах» было для ўлады нейкай «ідэяй фікс». Праваабарончы цэнтр «Вясна» пад ударамі рэпрэсій увесь час нечым нагадваў ляльку-неваляшку. Улады неаднаразова прыціскалі яго да зямлі, а ён упарта паўставаў ізноў. Не здзіўлюся, калі некалі высветліцца, што менавіта гэта і сталася прыхаванай асновай абвінавачвання аб «утойванні даходаў у асабліва буйных памерах», бо ўсім зразумела, што арышт 4 жніўня 2011 года Алеся Бяляцкага — толькі вяршыня айсберга. Пад вадой хаваюцца сапраўдныя прычыны…

На карысць гэтага вельмі красамоўна сведчыць тое, што многіх арыштаваных пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў дапытвалі па «справе «Вясны» і вельмі моцна цікавіліся фінансамі. Мабыць, хацелі знайсці тут матэрыяльную глебу для якіх-небудзь новых «тэлешэдэўраў» накшталт «Жалезам па шклу». Не атрымалася, і яны пачалі «шыць» нейкія падатковыя прэтэнзіі. Як вядома, калі праблемы няма, яе неабходна стварыць.

Трэба аддаць належнае тым, хто распрацаваў пастку для сваіх літоўскіх альбо польскіх візаві. Не буду гадаць, былі ці не там нейкія грашовыя складнікі. Хай гэта высвятляюць тыя, хто будзе даследаваць усе абставіны агідных казусаў. Пакуль бясспрэчна толькі тое, што «сыр» для сваёй пасткі яны абралі самы знаёмы ў свеце — падаткі. У Ізраілі, напрыклад, будынак падатковай інспекцыі называюць «сцяной плача» нумар два.

Дзеянні літоўска-польскіх чыноўнікаў ад юрыспрудэнцыі пакінем за дужкамі, бо наконт іх матывацыі можа быць шмат версій. Адназначна толькі тое, што, на мой погляд, тыя, хто стварыў «складанасці», павінен ад іх і пазбавіць, а не абмяжоўвацца толькі публічнымі прабачэннямі. Тут я цалкам згодны з Таццянай Рэвяка — карысці ад іх нямнога.

А напісаць гэты нарыс менавіта пра Таццяну Рэвяка, я вырашыў не толькі таму, што яна ўзначальвае Беларускі Дом правоў чалавека ў Вільні, а ў 2006 годзе атрымала прэстыжную міжнародную праваабарончую прэмію імя Анны Лінд, а найперш таму, што яе пазіцыя і ўчынкі, як і ўсіх яе калег па «Вясне», сведчаць аб непазбежным: узгаданая «неваляшка» — праваабаронцы цэнтр «Вясна» — падымецца зноў. І брутальныя арышты гэтаму не перашкодзяць.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства