На Магілёўшчыне выходзяць і распаўсюджваюцца незалежныя газэты, наклад якіх па закону не патрабуе рэгістрацыі
У пяці раёнах Магілёўшчыны намаганьнямі мясцовых дэмакратычных энтузіястаў і сябраў Беларускай асацыяцыі журналістаў выходзяць і распаўсюджваюцца незалежныя газэты, наклад якіх па закону не патрабуе рэгістрацыі. Літаральна ў траўні ў вобласьці пабольшала вольных выданьняў адразу на дзьве газэткі, якія пачалі выходзіць, што асабліва важна, у аддаленых раёнах. Яшчэ дзьве гатовыя нарадзіцца ў чэрвені. Такім чынам палова раёнаў вобласьці бліжэй да восені будзе мець свае бюлетэні. За такую задачу цяпер адказвае абласная Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў.Вольныя газэты вобласьці не зьбіраюцца сыходзіць на летнія вакацыі. Абласная каардынацыйная рада дэмсілаў у гэты час мае намер падвысіць сваю актыўнасьць, у тым ліку інфармацыйную. "Увосень, калі разгорнецца выбарчая кампанія ў мясцовыя саветы, дэмакратычным сілам трэба прапановаць людзям праўдзівую інфармацыі на грунце выключна мясцовых фактаў. Як вядома, менавіта такая інфармацыя ўспрымаецца найлепш, і менавіта таму сёньняшняя ўлада таму яе і баіцца", - пракаментаваў прэс-службе Асамблеі НДА старшыня абласной арганізацыі ГА "БНФ "Адраджэньне" Рыгор Кастусёў.