Да галадоўкі маладафронтаўцаў далучаюцца новыя ўдзельнікі
Як паведаміла прэс-служба "Маладога Фронту", 31 траўня ў Салігорску да галадоўкі з патрабаваньнем спыніць крымінальны перасьлед маладафронтаўцаў і вызваліць усіх палітвязьняў далучыўся Уладзімір Лемеш. Напярэдадні да іх далучыўся актывіст Партыі БНФ Павал Батуеў.
У Гародні і Лідзе да галадоўкі далучыліся Ганна Фаміна і Сяргей Чайка.
31 траўня менскія ўдзельнікі маладафронтаўскай галадоўкі перадалі заяву ў Генеральную пракуратуру з патрабаваньнем спыніць палітычныя расправы над лідэрамі моладзевага руху і вызваліць усіх палітычных вязьняў:
"Мы, заяўляем, што Малады Фронт беларускi маладзёвы рух, якi грунтуецца на патрыятызме i хрысьцiянскiх прынцыпах, дзейнiчае законнымi й негвалтоўнымi мэтадамi, лiчым крымiнальную справу супраць Маладога Фронту палiтычнай і патрабуем спынiць перасьлед сябраў Маладога Фронту," - адзначаюць ў сваёй заяве моладзевыя актывісты.
Такім чынам у галадоўцы, распачатай салігорскімі маладафронтаўцамі, прымаюць удзел ужо 24 чалавекі: сем у Салігорску, дзевяць у Менску, шэсьць у Гародні і адзін у Кіеве.
Многія удзельнікі галадоўкі сёньня, ва ўсясьветны дзень абароны дзяцей і моладзі, будуць здаваць іспыты і залікі ў навучальных установах.