Стан здароўя Мікалая Аўтуховіча, які ў зняволеньні пачаў сухую галадоўку, значна пагаршаецца
За тры дні сухой галадоўкі, станам здароўя Мікалая Аўтуховіча ні разу не пацікавіліся медыкі. Ваўкавыскі прадпрымальнік, каторага ў гэтыя дні судзяць ў Гродне, знаходзіцца пад арыштам у гарадзенскім СІЗА. Сухую галадоўку Аўтуховіч пачаў у аўторак 23 траўня і ўжо на той момант ён 40 дзён адмаўляўся ад ежы, патрабуючы вызвалення, паведамляе «Радыё Рацыя».
Перад сённяшнім судовым паседжаннем прадпрымальнік паспеў расказаць адвакатам, што ў сераду да яго у камеру зазірнуў турэмны медык, але не задаў ніводнага пытання і выйшаў.
Між тым, расказаў супрацоўнік Аўтуховіча, Уладзімір Асіпенка, стан здароўя вязня відавочна пагаршаецца штодзень: "Ён моцна аслабеў. Сёння на судзе, пакуль дапытвалі сведкаў, ён сядзеў, паклаўшы галаву на рукі. Суддзя запытаў яго, ці ня хоча ён адмовіцца ад удзелу ў працэсе, але Мікалай нечакана цвёрда адказаў: "Не, я буду ўдзельнічаць у працэсе да канца".
Нагадаем, што Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць ва ўхіленні ад падаткаў на буйную суму. Яму пагражае ад шасці год турмы. Сам прадпрымальнік віны не прызнае, ён гаворыць, што сапраўднай прычынай пераследу зяўляецца яго барацьба з карумпаваным чынавенствам, і прысуд па справе - перадвырашаны. Абвяшчаючы сухую галадоўку, Аўтуховіч заявіў, што калі здарыцца трагедыя, сказаў ён, гэта будзе забойства па палітычных матывах, здзейсненае ўладамі.