У Воршы прафсаюзных актывістаў выклікаюць у пракуратуру
Пра гэта паведамляе http://www.belngo.info. Працягваецца ціск дзяржаўных структураў на першасную арганізацыю Свабоднага прафсаюза мэталістаў аршанскага прадпрыемства "Лёс". 24 траўня кіраўніка аршанскай арганізацыі прафсаюзу Васіля Леўчанкова выклікалі ў гарадзкую пракуратуру. Нагодай для выкліку стала чарговая праверка дзейнасьці прафсаюзнай "пярвічкі". Прадставіць пракурорскім работнікам неабходныя дакумэнты спадар Леўчанкоў ня здолеў усе яны знаходзяцца ў аплямбаваным офісе арганізацыі. Замест гэтага прафсаюзны лідэр прапанаваў правесьці пракурорскую праверку законнасьці дзеяньняў адміністрацыі "Лёса" ў дачыненьні да прафсаюзу.Офіс арганізацыі аплямбаваны ўжо каля шасьці месяцаў. Пярвічка СПМ займала яго паводле калектыўнай дамовы, якая дзейнічае на прадпрыемстве. Напрыканцы мінулага года адміністрацыя "Лёса" паведаміла прафсаюзнай арганізацыі, што больш ня можа дазволіць ёй займаць офіс бясплатна, нягледзячы на існуючае пагадненьне. На думку В.Леўчанкова, такім чынам кіраўніцтва прадпрыемства парушыла правы працаўнікоў і прафсаюзнай арганізацыі.
23 траўня са спадаром Леўчанковым сустрэўся юрыст рэспубліканскага працоўнага арбітражу Ўладзімер Зайчыкаў. Ён прапанаваў стварыць камісію па вырашэньні спрэчкі наймальніка і прафсаюза. Але мясцовы лідэр СПМ адмовіўся: на ягоную думку, размова ў дадзеным выпадку ідзе не аб "спрэчцы", а менавіта аб парушэньні з боку кіраўніцтва. А пагадзіцца на пермовы значыць, прызнаць законнасьць крокаў адміністрацыі.