Баранавічы: міліцыянт у цывільным зьбіў актывіста ў ягонай кватэры
27 ліпеня 2011 года грамадскі актывіст Аляксандр Вайцешык накіраваў заяву начальніку гарадской міліцыі Герасімовічу В.У. і ў пракуратуру горада. У заяве паведамляецца, што 27 ліпеня ён прыйшоў у сваю кватэру, дзе ўжо яго чакаў невядомы ў цывіліным.
Маці пацярпелага неабачліва адкрыла дзверы, а невядомы, без яе дазволу, уварваўся ў кватэру. На запыт, хто ён такі, незнаёмец адказаў, што пытанні тут будзе задаваць ён. У адказ на гэта Аляксандр Вайцешык паведаміў незнаёмцу, што ён ідзе выклікаць міліцыю і тэлефанаваць у пракуратуру. Калі, як паведамляецца ў заяве, Аляксандр Вайцешык пачаў выходзіць з кухні незнаёмец напаў на яго і стаў закручваць рукі і наносіць удары па галаве і целу. Як зафіксавала судмедэкспертыза, усяго было нанесена 22 удары.
У гарадской міліцыі праваабаронца Карней Пятровіч і грамадскі актывіст Рыгор Грык спрабавалі выступіць у якасці яго прадстаўнікоў. Такое права прадугледжана арт. 62 Канстытуцыі. Але следчы пракуратуры, які прыехаў у аддзел міліцыі каб правесці апытанне, не дазволіў Карнею Пятровічу і Рыгору Грыку прысутнічаць пры гэтым. Актывісты лічаць, што такая забарона ёсць парушэннем канстытуцыйнага права на юрыдычную дапамогу.
Цяпер Аляксандр Вайцешык знаходзіцца ў гарадскім ізалятары часовага ўтрымання. Незнаёмец аказаўся маёрам міліцыі, які, магчыма, даказвае цяпер, што Аляксандр Вайцешык аказаў супраціўленню работніку міліцыі. Грамадскі актывіст Віктар Сырыца лічыць, што дадзены інцыдэнт можа быць звязаны з тым, што Аляксандр Вайцешык адмаўляўся без позвы ісці другі раз на дактыласкапію.