viasna on patreon

25 траўня ў Шчучынскім раённым судзе ў разглядзе крымінальнай справе актывіста Сяргея Ляшкевіча абвешчаны перапынак да панядзелка. Пракурор запатрабаваў для актывіста 6 месяцаў арышту.

2006 2006-05-24T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

25 траўня ў судзе былі заслуханыя два сьведкі, якія сьведчылі супраць Ляшкевіча, а яшчэ аднаму сьведку Наваграну па незразумелых прычынах было дазволена не выступаць. Яго паказаньньні зачытваліся ў судзе. Выступаў таксама і галоўны сьведка Аляксандр Бурдзей, які сьцьвярджаў, што Ляшкевіч агітаваў яго ехаць ў Мінск і прымаць удзел ў масавых беспарадках, -- крымінальнік, тройчы судзімы па крымінальных справах і апрача таго мае шэраг адміністратыўных правапарушэньняў. Менавіта на яго паказаньнях трымаецца абвінавачаньне супраць Ляшкевіча.
Нагадаем, што Аляксандар Бурдзей прыйшоў з павіннай у міліцыю і заявіў, што Сяргей Ляшкевіч нібыта рыхтаваў яго да ўдзелу ў масавых беспарадках. У судзе высьветлілася, што Бурдзей ужо быў тройчы асуджаны за дробнае хуліганства (у 2004, 2005 і 2006 гадох). Бурдзей сказаў у судзе, што быццам бы нехта на вуліцы, чалавек, якога ён ня ведаў, сказаў яму, што ён можна зарабіць грошы, калі будзе працаваць на Мілінкевіча. Хто быў гэты незнаёмец  судзьдзя так і не змог высьветліць. Бурдзей сказаў, што праз гэтага чалавека ён пазнаёміўся зь Сяргеем Ляшкевічам, і той нібыта паказваў яму кінафільмы, у якіх паказвалася, як дзейнічаць на мітынгах і дэманстрацыях. Бурдзей сказаў, што ў адным зь фільмаў паказвалася, як падпальваць міліцэйскія машыны  напаўняць бутэльку бэнзінам і гаспадарчым мылам  рабіць кактэйль Молатава.

Ляшкевіч узяў зь іх падпіску, што яны будуць працаваць бяз грошай (такая паперка сапраўды была прадстаўленая ў судзе). Але Бурдзей сказаў, што Сяргей Ляшкевіч усё-ткі даў па 10,000 рублёў кожнаму за тое, што яны раскідвалі агітацыйныя ўлёткі. Бурдзей сказаў, што насамрэч яны з ідэалягічных прычынаў не раскідалі ўлёткі па скрынях, але паведамілі Ляшкевічу, што раскідалі іх, і атрымалі за гэта 10 тысяч беларускіх рублёў.

Потым у судзе была прадстаўленая запісаная на дыктафоне стужка размовы, якую ў сакрэце зрабіў Бурдзей. Дыктафонную стужку не агучвалі, а судзьдзя зачытаў тэкст стужкі. На судзе выявілася, што на аўдыёстужцы практычна не чуваць ніводнага слова Сяргея Ляшкевіча, толькі абрыўкі ягоных словаў. Тады Бурдзей сам тлумачыў у судзе, што за размова была запісаная на гэтай стужцы. Паводле Бурдзея, ён прасіў у Сяргея Ляшкевіча грошы на білет у Менск, на 2 сакавіка, бо ў той дзень у Менску нібыта плянаваліся "масавыя беспарадкі". Сяргей Ляшкевіч яму грошай на квіток ня даў, але нібыта сказаў, што квіток могуць аплаціць пазьней. Бурдзей сказаў, што грошы за квіток у Менск так і не атрымаў.

Паказаньні Бурдзея былі вельмі блытаныя, паведаммляе Радыё Свабода. Гэта выявілася, калі адвакаты пачалі задаваць яму дадатковыя пытаньні.

На пытаньні: "Дзе ён узяў дыктафон, і зь якой мэтай запісваў размову?" "Дзе пазнаёміўся зь Ляшкевічам?" "Канкрэтна, якія дзеяньні Сяргей Ляшкевіч загадаў яму рабіць?" "З кім загадаў сустрэцца ў Менску?", "Хто будзе даваць яму каманды ў Менску?" адвакаты так і не атрымалі ўцямных адказаў.

Паказаньні другога сьведкі Віталя Шкурко былі яшчэ больш блытаныя. Ён паўтараў амаль тое самае, што і Бурдзей, але на пытаньні пра канкрэтныя дзеяньні падрыхтоўку да "тэрарыстычнай дзейнасьці" нічога канкрэтнага так і ня змог сказаць.

На судзе прысутнічае лідэр Аб'яднанай апазіцыі Аляксандр МІлінкевіч, лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, прадстаўнікі амбасадаў, журналісты і праваабронцы.

На судзе таксама адбыўся прагляд відэастужак  былі паказаны дзьве стужкі  дакумэнтальныя фільмы "Обыкновенный президент" Хашчавацкага і відэакліпы з разгону дэманстрацый у Менску пад музыку гарадзенскага барда Шалкевіча.

Аляксандар Мілінкевіч, які прысутнічае ў судзе, заявіў Радыё Свабода:

(Мілінкевіч: ) "Гэта працэс адназначна палітычны, і ўзьнік ён менавіта ў Шчучыне, бо я сам адсюль паходжу. Гэта паказальны працэс, які нагадвае 1930-я гады ў СССР. Калі судзьдзя мае сумленьне, то Ляшкевіч будзе апраўданы".

Сяргею Ляшкевічу, які падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта быў кіраўніком выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча, інкрымінуюць парушэньне ч. 3 арт. 293 КК РБ, нядаўна ўведзенага ў заканадаўства краіны - "Навучаньне альбо іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках...". Паводле гэтага артыкулу Сяргею Ляшкевічу пагражае арышт тэрмінам да 6 месяцаў альбо пазбаўленьне волі да 3-х гадоў. Абвінавачваньне актывісту прад'яўленае на падставе прызнаньня нейкага Аляксандра Бурдзея, які напісаў ў міліцыі, што нібыта Сяргей рыхтаваў яго да тэрарыстычных акцыяў. Гэта першы выпадак прымяненьня ў Беларусі названага артыкулу Крымінальнага кодэксу супраць актывістаў дэмакратычнага руху.

Сяргей Ляшкевіч быў затрыманы 2 сакавіка пасьля таго, як у ягонай кватэры зрабілі ператрус, сканфіскавалі кампутар, архіўныя паперы, а 3 сакавіка "сьведка" Бурдзей быў асуджаны Шчучынскім раённым судом за крадзеж будматэрыялаў на два з паловай гады абмежаваньня волі. Сяргей Ляшкевіч ужо больш двух месяцаў утрымліваецца ў сьледчым ізалятары гарадзенскай турмы, хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня для яго не было задаволенае.

Справа 27 красавіка была перададзена ў Шчучынскую паракуратуру, а на наступны дзень трапіла ў мясцовы суд. Паседжаньне павінна адбыцца 25 траўня.

Штаб аб'яднаных дэмакратычных сіл расцэньвае крымінальную справу ў дачыненьні да актывіста апазіцыі як палітычнае. Лідэр аб'яднанай апазіцыі Аляксандар Мілінкевіч будзе асабіста прысутнічаць на судовым паседжаньні, якое пачнецца ў 10 гадзін раніцы ў Шчучынскім раённым судзе.

Адрас суда: Гарадзенская вобл., г.Шчучын, вул.Чываонаармейская, 10, тэлефон 8-01514-21-586.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства