Міжнародная праваабарончая арганізацыя "Amnesty Inernational" у штогадовай справаздачы адзначыла пагаршэньне сытуацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
Справаздача называецца "Правы чалавека ў сучасным сьвеце" і складаецца з некалькіх частак. Адзін з разьдзелаў дакладу прысьвечаны дасьледаваньню ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Дырэктар маскоўскага бюро "Міжнароднай амністыі" Сяргей Нікіцін патлумачыў Радыё Свабодзе: "Мы кажам пра тое, што ў гэтай краіне зашмат вязьняў сумленьня. Мы кажам, што Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе не скасавалі сьмяротнае пакараньне. Перасьлед людзей, якія ня могуць скарыстацца сваім правам на свабоду слова і сходаў, — гэта вельмі сумна. Усё гэта выклікае вялікую заклапочанасьць з боку нашай арганізацыі. Праваабаронцы сутыкаюцца з фальсыфікацыямі фактаў з боку праваахоўчых органаў дзеля дыскрэдытацыі апазыцыянэраў у вачах абываталяў. Праўда ўсё роўна павінна перамагчы. Гэта, відаць, пытаньне часу і колькасьці ахвяраў. Публікацыі заяваў ды іншых дакумэнтаў таксама дадуць плён. Мы памятаем час Савецкага Саюзу, калі маленькая жменька дысыдэнтаў падштурхнула грамадзтва да пераменаў. Дзейнасьць такіх людзей, як Сахараў, не была марная".
На прэзэнтацыі дакладу ў Маскве прысутнічалі два былыя палітвязьні — Валеры Леванеўскі і Аляксандар Васільеў.
Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч лічыць высновы "Міжнароднай амністыі" аб’ектыўнымі. Палітык паведаміў, што праваабарончая тэматыка яму вельмі блізкая, бо ўлады зьліквідавалі "Ратушу" — арганізацыю, якую ён узначальваў у Горадні: "Сапраўды, сытуацыя з правамі чалавека ў апошнія гады ўсё пагаршаецца. Гэта й правы на аб’яднаньне, і індывідуальныя правы чалавека, і правы рэлігійных суполак, і палітычныя правы. У часе апошніх выбараў гэта было відавочна. Я думаю, гэта вызначаецца тым, што ўлада адчувае няўпэўненасьць. Яна адчувае, што ня мае вялікай падтрымкі ў грамадзтве. Таму ўлада вымушаная ісьці на жорсткія рэпрэсіўныя меры. Выйсьце адно: спачатку свабодныя выбары, а потым пасьля выбараў паўстануць інстытуты дэмакратыі".
Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік лічыць, што парушэньня правоў чалавека ў Беларусі няма: "Калі сёньня кажуць, што ў Беларусі сфальсыфікавалі выбары, то я магу сказаць, што гэта лухта, ахінэя самая сапраўдная".
На пытаньне карэспандэнткі наконт даступнасьці недзяржаўнай прэсы, сп. Лазавік адказаў, што чытае іх ў інтэрнэце: "Калі пачытаю Хартыю'97, калі пачытаю "Свабоду" вашую ў інтэрнэце, калі я яшчэ пачытаю сайт АГП, БНФ — дык навошта мне чытаць тое самае ў газэце? Я не адчуваю, што неяк уціскаюць апазыцыйны друк".
Праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" неўзабаве накіруе сваю справаздачу ў афіцыйныя дзяржаўныя органы Беларусі.