viasna on patreon

У абарону адвакатаў БХК зьвернецца ў ААН

2011 2011-07-26T17:55:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Беларускі Хэльсынскі камітэт будзе інфармаваць спэцдакладчыка ААН па пытаньнях незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў пра сытуацыю ў беларускай адвакатуры.

Пра гэта паведаміў намесьнік старшыні БХК Гары Паганяйла, камэнтуючы рашэньне атэстацыйнай камісіі ў дачыненьні да Ганны Бахціной і Дар'і Ліпкінай.

Гэтыя адвакаты займаліся абаронай фігурантаў крымінальнай справы пра масавыя беспарадкі ў Менску 19 сьнежня: Бахціна абараняла Ірыну Халіп, Ліпкіна — Мікіту Ліхавіда.

26 ліпеня яны не прайшлі пазачарговую атэстацыю, ініцыяваную Міністэрствам юстыцыі. Па словах Бахціной, ёй было адмоўлена ў атэстацыі ў сувязі з "парушэньнем нормаў адвакацкай дзейнасьці і правіл прафэсійнай этыкі, а таксама вядзеньнем малой прававой прапаганды сярод насельніцтва".

Гары Паганяйла заявіў, што БХК абураны рашэньнем атэстацыйнай камісіі. На яго думку, гэта была "замова Мін'юста, які, у сваю чаргу, выконвае замову аднаго вядомага чалавека на прыгнечаньне апошняга інстытута, які мог бы яшчэ называцца адносна незалежным, — інстытута адвакатуры".

Праваабаронца назваў кантроль чыноўнікаў за адвакатурай "недапушчальным і жудасным":

"Міністэрства юстыцыі сёньня творыць неапісальныя ў нармальнай цывілізаванай дзяржаве рэчы: з адвакатуры выдаляюцца найбольш прафэсійныя, найбольш мужныя людзі, — падкрэсьліў прадстаўнік БХК.— Менавіта адвакаты маглі супрацьстаяць таму націску з боку дзяржавы, які зазнаюць грамадзяне, абвінавачаныя ў злачынствах. Калі няма самастойнай абароны, незалежнай абароны, то наагул пра якое правасудзьдзе можа ісьці гаворка?".

Паганяйла спадзяецца, што падзеі пацягнуць за сабой рэакцыю беларускіх і міжнародных праваабарончых структур. Прадстаўнік БХК адзначыў, што спэцдакладчык ААН па пытаньнях незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў "вельмі шчыльна займаецца праблемамі адвакатуры”. “Я думаю, у ААН адрэагуюць пэўным чынам", — заявіў Паганяйла.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства