Грамадзкія актывісты Гомелю Андрэй Аксёнаў і Марыя Багдановіч просяць афіцыйны дазвол на распаўсюд незалежных выданьняў
Андрэй Аксёнаў і Марыя Багдановіч зьвярнуліся з пісьмовымі заявамі да кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Гомелю Сяргея Краўцова з прозьбай даць афіцыйны адказ, ці маюць яны права на падставе закону "Аб друку" распаўсюджваць на тэрыторыі раёну недзяржаўныя газэты "Товарищ" і "Народная Воля". Распаўсюднікі хацелі б рабіць гэта на Прывакзальнай плошчы — адным з найбольш людных месцаў у горадзе.
Актывісты маюць адпаведныя пасьведчаньні і дамовы з рэдакцыямі. Аднак міліцыянты Чыгуначнага райаддзелу міліцыі пастаянна затрымліваюць распаўсюднікаў, забараняюць ім бясплатна раздаваць гараджанам газэты.
Спадар Аксёнаў патрабуе паведаміць, ці мае ён права на падставе таго ж закону "Аб друку" распаўсюджваць самаробныя друкаваныя інфармацыйныя паведамленьні, якія складаюцца з цытатаў прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі з ягонага штогадовага звароту да Нацыянальнага сходу і беларускага народу.
Папярэдні досьвед Андрэя Аксёнава ды іншых актывістаў паказвае, што міліцыянты адбіраюць любую друкаваную прадукцыю, нават калі тая адпавядае беларускаму заканадаўству, паведаміла Радыё Свабода.