22 траўня берасьцейскія ўлады забаранілі распаўсюджваць кнігу вядомага актывіста Міколы Казлоўскага
Пра гэта паведамила прэс-служба Асамблеи НДА.
Кніга Міколы Казлоўскага "Ўкраінскае адраджэньне на Берасьцейшчыне у 80-90-х гадах XX стагоддзя", была выдадзеная ва Ўкраіне. Аўтар, былы старшыня зачыненага ўладамі ў 1999 годзе Ўкраінскага грамадзка-культурнага аб'яднаньня Берасьцейскай вобласьці, паказаў гісторыю ўкраінскага руху на Берасьцейшчыне, а таксама распавёў пра свой досьвед працы ў культурніцкіх арганізацыях. Кніга выдадзеная накладам 500 экзэмпляраў была прынятая у берасьцейскую абласную бібліятэку для камплектаваньня раённых аддзелаў, а таксама была прынятая для распаўсюджваньня кнігарняй "Іскра".
Першы "сыгнал" аўтару паступіў ад знаёмага, які хацеў набыць кнігу ў краме, аднак яму адмовілі ў гэтым, сказаўшы, што кніга не распаўсюджваецца. Калі Мікола Казлоўскі вырашыў сам даведацца аб прычынах забароны распаўсюду, аказалася, што і дырэктару крамы, і кіраўніку абласной бібліятэкі паступіў вусны загад зь Берасьцейскага абласнога ўпраўленьня па ідэалёгіі вярнуць кнігу аўтару.
На думку М.Казлоўскага, уладам маглі не спадабацца ўспаміны аўтара пра акалічнасьці закрыцьця ягонай арганізацыі. Акрамя гэтага, ня ўсе згодныя з думкай аўтара, які зьяўляецца прыхільнікам аўтаноміі ўкраінскага насельніцтва на тэрыторыі Берасьцейшчыны.