viasna on patreon

«Адстрэл» непажаданых адвакатаў працягваецца

2011 2011-07-26T16:21:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адвакаты палітвязняў Ірыны Халіп і Мікіты Ліхавіда не прайшлі атэстацыю.

Нагадаем, што Мінюст ініцыяваў правядзенне гэтым летам пазачарговай атэстацыі адвакатаў. Як паведаміла сайту charter97.org журналістка Ірына Халіп, жонка кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, сёння стала вядома, што ейная адвакатка Ганна Бахціна не прайшла пераатэстацыю ў Мінюсце. Гэта значыць, што Бахціна будзе пазбаўленая ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасць.

«Старшыня атэстацыйнай камісіі - начальнік упраўлення юстыцыі Менгарвыканкама Зелянко. На пасяджэнні камісіі ён заявіў, што ў Бахцінай нібыта былі парушэнні ў адвакацкай дзейнасці. Але гэтыя словы завіслі ў паветры, таму што пацвердзіць яму гэта нічым не атрымалася. Потым Зелянко сам зразумеў, што гэта недаказальна. У адваката не было ніякіх парушэнняў, у 2010 годзе Бахціна за сваю бліскучую працу нават атрымала грамату Мінюста з фармулёўкай - «за абарону правоў і свабод грамадзянаў». І калі пытанне аб парушэннях «завісла», паколькі ніякіх парушэнняў ніхто не мог канстатаваць, Бахцінай паставілі ў віну, што яна не займалася прапагандай юстыцыі, не пісала артыкулы ў афіцыйныя газеты і не выступала па радыё і тэлебачанні.

Але справа ў тым, што з мая мінулага года па чэрвень гэтага Бахціна была задзейнічаная ў велізарным судовым працэсе, у якім было 40 абвінавачаных. Працэс доўжыўся год, і яна была занятая з 10 раніцы да 6 вечара кожны дзень. Паралельна яна знайшла час на мяне, наведвала мяне пад хатнім арыштам, рыхтавалася да працэсу і бліскуча яго правяла. Бахціна не пабаялася брацца за маю абарону, у той час як двух адвакатаў, якія абаранялі мяне, пазбавілі ліцэнзіі», - распавяла Ірына Халіп.

На пасяджэнні атэстацыйнай камісіі Ганна Бахціна заявіла, што будзе абараняць сябе і проста так не здасца.

«Я звязваю цяперашнія праблемы Ганны Бахцінйа з ейнымі бліскучымі выступамі падчас судовага працэсу па маёй справе, і, асабліва, падчас разгляду касацыйнай скаргі, калі яна не пабаялася нагадаць судовай калегіі, што ўсе нашыя справы рана ці позна будуць пераглядацца. І тыя, хто выносіў несправядлівыя прысуды, панясуць адказнасць. Калі ішоў працэс, прысутныя заходнія дыпламаты казалі адныя словы: «Такога б адваката ды ў нармальны суд», - заявіла Ірына Халіп.

Сёння ж стала вядома, што атэстацыю не прайшла Дар'я Ліпкіна - адвакатка іншага палітвязня Мікіты Ліхавіда.

Нагадаем, у лютым Мінюст пазбавіў ліцэнзій чатырох адвакатаў Менскай гарадской калегіі адвакатаў - Алега Агеева, Тацяну Агееву, Уладзіміра Тоўсціка і Тамару Гараеву, якія абаранялі фігурантаў справы аб так званых масавых беспарадках у Менску 19 снежня. 3 сакавіка са складу калегіі быў выключаныя адвакат кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Павел Сапелка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства