Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэнне правоў заснавальнікаў “Грамадзянскай альтэрнатывы” (+тэкст Меркаванняў Камітэта)
Гомельскія грамадскія актывісты Уладзімір Кацора, Леанід Судаленка і Ігар Нямковіч, якім у 2004 годзе было адмоўлена ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання “Грамадзянская альтэрнатыва”, азнаёміліся з Меркаваннямі Камітэта па правах чалавека ААН, куды яны звярталіся з адпаведным паведамленнем у 2005 годзе.
22 ліпеня гамяльчане атрымалі рускамоўную версію Меркаванняў Камітэта, які падчас сотай сесіі ў кастрычніку 2010 года разглядаў іх Паведамленне, зарэгістраванае пад №1383/2005.
Камітэт па правах чалавека ў адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 5 Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах прыходзіць да высновы, што прадстаўленыя яму факты сведчаць аб парушэнні дзяржавай-удзельніцай пункта 1 артыкула 22 Пакта, цытуе Меркаванні Камітэта “Гомельская вясна”.
У адпаведнасці з пунктам 3 а) артыкула 2 Пакта Камітэт лічыць, што аўтары паведамлення маюць права на адпаведныя сродкі прававой абароны, уключаючы паўторны разгляд хадайніцтва пра рэгістрацыю "Грамадзянскай альтэрнатывы" на падставе крытэрыяў, якія адпавядаюць патрабаванням артыкула 22 Пакта, і на належную кампенсацыю.
Дзяржава-удзельнік таксама нясе абавязальніцтва зрабіць крокі па папярэджанні аналагічных парушэнняў у будучыні.
Нагадаем, “Грамадзянская альтэрнатыва” мусіла стаць спадкаемцам аб’яднання “Грамадзянскія ініцыятывы”, ліквідавана на падставе рашэння Гомельскага абласнога суда ў 2003 годзе. Праз тры гады Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што арганізацыя ліквідавана незаконна, з парушэннем права на свабоду асацыяцый, і падлягае аднаўленню. На патрабаванне заснавальнікаў выканаць рашэнне Камітэта дзяржаўныя чыноўнікі адказалі, што “меркаванні Камітэта па правах чалавека маюць рэкамендацыйны характар, і Факультатыўны пратакол не накладае абавязальніцтваў па выкананні рэкамендацый Камітэта”. Пры гэтым адзначалася, што “гарантаванае Канстытуцыяй права на зварот у міжнародныя арганізацыі з мэтай абароны сваіх правоў парушана не было”.