viasna on patreon

Месцазнаходжанне Змітра Бандарэнкі невядомае

2011 2011-07-25T12:51:56+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Дзмітрыя Бандарэнку, які сёння раніцай быў дастаўлены ў бальніцу, павезлі ў невядомым напрамку людзі ў цывільным.

Як паведаміла БелаПАН яго жонка Вольга, зняволенага даставілі з турэмнай бальніцы ў 5-ю клініку Мінска пад  аховай прыкладна ў 10.00. "Я прайшла ў прыёмнае аддзяленне, каля ўваходу стаялі сябры Дзімы. Увайшоў чалавек у цывільным і сказаў, што, калі мы не хочам непрыемнасцяў, то павінны разысціся. Я была ўнутры, калі мне паведамілі, што машына, у якой знаходзіўся муж, паехала", — паведаміла Вольга Бандарэнка. 

Паводле яе слоў, урачы бальніцы ўжо практычна аформілі дакументы, але Бандарэнку павезлі, "і дакументы паклалі ў стол". Дзе зараз знаходзіцца яе муж, Вольга не ведае.

Як паведамлялася раней, 26 ліпеня Дзмітрыя Бандарэнку павінны аперыраваць у 5-й бальніцы. 

Каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава на выбарах 2010 года, Бандарэнка ў красавіку быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі за "арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўны ўдзел у іх".

Пасля затрымання ў снежні мінулага года і ўтрымання пад вартай у СІЗА КДБ у яго абвастрыліся хранічныя захворванні. У маі яго агледзеў урач-неўролаг, які заявіў, што зняволенаму патрэбна аперацыя — у яго дыягнаставаныя чатыры грыжы дыскаў пазваночніка, ушчамленне трох спіннамазгавых нерваў. У чэрвені стан зняволенага пагоршыўся, яго перавялі ў медсанчасць, а затым у Рэспубліканскую турэмную бальніцу. Бандарэнка паставілі перад выбарам: адпраўка ў калонію або аперацыя. У такіх умовах ён вымушаны быў даць пісьмовую згоду на аперацыю. Пры гэтым у кансультацыі нейрахірурга асуджанаму адмоўлена. Фактычна размова ідзе аб прымусовай аперацыі, заяўляюць сваякі, сябры і аднадумцы Дзмітрыя.

Неадкладна вызваліць Дзмітрыя Бандарэнку афіцыйны Мінск заклікаў старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек. У эфіры радыёстанцыі Polskie Radio 24 ліпеня ён заявіў: у дачыненні да Бандарэнкі ўлады паводзяць сябе "агідна і бесчалавечна". У зняволенага "сур'ёзныя праблемы з пазваночнікам, ён мае патрэбу ў спецыяльнай кансультацыі і рэабілітацыі", канстатаваў Бузек. "Далейшае нічым не абгрунтаванае ўтрыманне пад вартай толькі пагоршыць стан яго здароўя, і можа нават прывесці да пастаяннай інваліднасці", — падкрэсліў ён.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства