Сёньня ў горадзе Барань ля Воршы вырашаецца пытаньне аб скасаваньні апошняй на Віцебшчыне пярвічнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў
Адрас канфлікту -- унітарнае прадпрыемства "Лёс" -- былы завод савецкай абароннай прамысловасьці, які цяпер вырабляе вулічныя таксафоны ды іншыя сродкі сувязі. Сюды сёньня накіраваны юрыст рэспубліканскага працоўнага арбітражу Ўладзімер Зайчыкаў. З ягоных словаў, адміністрацыя адмаўляе арганізацыі свабоднага прафсаюзу мэталістаў ў арэндзе памяшканьня. Якім чынам высяляюць "пярвічку", удакладніла намесьнік дырэктара Любоў Ісаковіч:
"Памяшканьне пад пломбай. Далей усё будзе залежаць ад таго, як вызначыць працоўны арбітраж".
Прафсаюзны лідар Васіль Леўчанка пракаментаваў сітуацыю Радыё Свабодзе: "Стаіць адна задача - зьнішчыць. Гады два таму можна было атрымаць пэўную абарону ў дзяржаўных структурах. Цяпер - не! Прыедзе Зайчыкаў. Ён будзе абслугоўваць уладу. Любымі спосабамі, але каб нас не было".
Сёлета Васіль Леўчанка абраны старшынём рэспубліканскага свабоднага прафсаюзу мэталістаў. Паводле яго, апошні ўльтыматум вылучаны зараз у адносінах да пярвічных арганізацыяў у Берасьці, Вілейцы і Гомелі: "Зараз быць сябрам незалежнага прафсаюзу больш небясьпечна, чым уваходзіць у апазіцыйную партыю. Прафсаюзы - адкрытыя: праз бугалтэрыю ідуць грошы на рахунак прафсаюзу... З намі змагаюцца ўсімі праўдамі-непраўдамі".
31-га траўня Еўракамісія будзе разглядаць пытаньне аб пазбаўленьні Беларусі гандлёвых ільготаў. У сувязі з гэтым, як лічыць сябра Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Уладзімер Адзінец, улада сьпяшаецца ліквідаваць апошнія "непаслухмяныя пярвічкі": "Ствараюцца ўмовы, у якіх немагчыма працаваць незалежным прафсаюзам. Улада робіць такім чынам, каб выбіць нізавыя структуры. А пасьля застанецца чыста тэхнічная справа. Бо ёсьць патрабаваньне закону адносна дзейнасьці рэспубліканскага прафсаюзу. Гэта - ня менш як 500 чалавек у большасьці абласьцей і Менску".