"Газета Слонімская" распачала кампанію псіхалагічнага ціску на чыноўнікаў, якія адмаўляюць незалежным журналістам у інфармацыі
Пра гэта паведаміла "Радыё Рацыя".
Рэдакцыя звярнулася з просьбай дасылаць на факс кіраўніка Слонімскага раённага аддзела адукацыі Галіны Шмялёвай запыт з адным пытаннем: чаму чыноўніца адмовіла "Газеце Слонімскай" у прадастаўленні інфармацыі.
Справа ў тым, што яшчэ 11 траўня рэдакцыя рабіла пісьмовы запыт у аддзел адукацыі з простым пытаннем: колькі выпускнікоў школ будзе ў гэтым годзе. У пятніцу ад кіраўніка Галіны Шмялёвай прыйшоў такі адказ: "звесткі пра колькасць выпускнікоў будуць апублікаваныя ў дзяржанай газеце "Слонімскі веснік".
Журналісты палічылі гэта адмовай у прадастаўленні інфармацыі, парушаючай Закон аб друку. Але яны не намераныя звяртацца ў суд, бо не спадзяюцца на справядлівае рашэнне.
Дзесяткі факсавых запытаў з усёй краіны, лічаць журналісты "Газеты Слонімскай", стануць псіхалагічным ціскам і выхаваўчым фактарам для чыноўніцы.
Рэдакцыя ад пачатку года накіравала ў розныя інстанцыі каля дзесятка пісьмовых запытаў. Толькі з двух, у тым ліку з аддзелу адукацыі, газета атрымала адмовы, астатнія ж нават не адказалі. У дачыненні да іх рэдакцыя таксама намераная распачаць падобныя кампаніі ціску.