viasna on patreon

Прыгавор Саннікаву і чатыром удзельнікам падзей 19 снежня пакінуты без зменаў

2011 2011-07-15T15:21:04+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Судовая калегія Мінскага гарадскога суда пакінула без зменаў прыгавор экс-кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саннікаву, а таксама ўдзельнікам мітынгу апазіцыі 19 снежня 2010 года Алегу Гнедчыку, Уладзіміру Яроменку, Ільі Васілевічу і Фёдару Мірзаянаву.

Рашэнне суда было абнародавана 15 ліпеня. Скаргу разглядалі суддзі Сяргей Хрыпач, Вікторыя Зайцава, Вольга Камароўская.

Выступаючы на слуханнях, прадстаўнікі абароны прасілі суддзяў адмяніць прыгавор у тым ліку ў сувязі з тым, што суд першай інстанцыі прадузята ставіўся да паказанняў шэрагу сведак.

Напрыклад, суд не ўлічыў паказанні журналіста Алега Груздзіловіча, праваабаронцы Алеся Бяляцкага і іншых, выкліканых па просьбе абароны, у той частцы, дзе яны давалі ацэнкі настрою і паводзінам прысутных 19 снежня ў цэнтры Мінска людзей. Пры гэтым паказанні міліцыянераў, якія сцвярджалі, што натоўп паводзіў сябе агрэсіўна, суд пад сумненне не ставіў.

Апрача таго, падкрэслівала абарона, суд першай інстанцыі не задаволіў шэраг хадайніцтваў, у тым ліку па правядзенні экспертыз для ўстанаўлення сапраўднасці і адсутнасці мантажу відэа- і аўдыёзапісаў, якія былі прадстаўлены ў якасці доказаў з боку абвінавачання.

Пры гэтым суд першай інстанцыі не узяў пад увагу фотаздымкі, прадстаўленыя сведкам з боку абароны Ткачэнкі, якія былі зроблены на плошчы Незалежнасці адразу пасля разгону дэманстрацыі. На іх адсутнічалі ледасекі, палкі і бутэлькі, паказаныя ў тэлефільме Беларускага тэлебачання "Плошча. Жалезам па шкле".

Абарона таксама мяркуе, што факт масавых беспарадкаў, у арганізацыі якіх абвінавачваецца Саннікаў, даказаны не быў. Адвакат Саннікава Андрэй Варвашэвіч падкрэсліў: "Вызначэнне масавых беспарадкаў, дадзенае судом, дазваляе кваліфікаваць як масавыя беспарадкі нават бойку на вяселлі. З наступным прыцягненнем да адказнасці маладых і іх бацькоў".

Аднак пракурор Антон Загароўскі заявіў, што высновы абаронцаў неістотныя і не падлягаюць задавальненню. На яго думку, віна ўсіх была "аб'ектыўна даказана" відэаматэрыяламі, заключэннямі экспертаў і паказаннямі сведак.

Як паведаміла БелаПАН другі адвакат Саннікава Марына Кавалеўская, абарона мае намер падаць скаргу ў парадку надгляду ў вышэйшыя інстанцыі, а таксама, кіруючыся міжнароднымі нормамі, накіраваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Саннікаў быў затрыманы вечарам 19 снежня 2010 года адразу пасля мітынгу прыхільнікаў апазіцыі. 14 мая суд Партызанскага раёна Мінска пад старшынствам суддзі Наталлі Чацвяртковай прызнаў Саннікава вінаватым на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў) і прыгаварыў яго да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Экс-кандыдат у прэзідэнты адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі.

Алег Гнедчык прыгавораны да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Уладзімір Яроменак, Ілья Васілевіч і Фёдар Мірзаянаў — да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Ніхто з асуджаных сёння на разглядзе касацыі не прысутнічаў, таму што ўсе яны знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі.

Варта зазначыць, што Андрэй Саннікаў не спадзяваўся на разгляд касацыйнай скаргі. 24 ліпеня падчас сустрэчы з маці ў следчым ізалятары МУС у Мінску, палітык заявіў, што не чакае "нічога добрага". "Ты ж бачыла, якая ў нас судовая сістэма. Будзь гатова да ўсяго, не спадзявайся", — сказаў ён маці.

Міжнародная супольнасць лічыць Андрэя Саннікава палітзняволеным і патрабуе ад афіцыйнага Мінск яго безумоўнага вызвалення.

Жонка Саннікава, журналістка расійскай "Новой газеты" Ірына Халіп, таксама асуджана па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня. 16 мая яна прыгаворана да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. Касацыйная скарга на прыгавор Халіп будзе разглядацца ў Мінгарсудзе 19 ліпеня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства