Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі зарэгістраваная ў Літве
Асамблея НДА аб'ядноўвае каля 300 грамадскіх арганізацый, фондаў і іншых некамерцыйных структур. Зарэгістравацца на тэрыторыі Беларусі прадстаўнікі асамблеі спрабавалі тройчы, але кожны раз атрымлівалі адмову Міністэрства юстыцыі.
"У Беларусі мы, як дэмакратычныя арганізацыі, былі пазбаўленыя права аб'ядноўвацца ў асацыяцыі. Сваімі адмовамі зарэгістраваць аб'яднанне Мінюст падкрэсліў, што існаванне своеасаблівага прафсаюза няўрадавых арганізацый для беларускіх уладаў не патрэбнае", — цытуе прэс-служба Асамблеі НДА старшыню аб'яднання Сяргея Мацкевіча.
У сваю чаргу дырэктар выканаўчага бюро асамблеі Сяргей Лісічонак заўважыў: "У нашай краіне прагрэсу са свабодай асацыяцый не назіраецца, таму мы вырашылі скарыстацца іншымі магчымасцямі і атрымаць зарэгістраваны статус у суседняй з Беларуссю дзяржаве".
Паводле слоў юрыста выканаўчага бюро аб'яднання Юрыя Чавусава, зарэгістраваны статус дае магчымасць супрацоўнікам асацыяцыі прадстаўляцца ад імя арганізацыі, а СМІ змогуць пісаць пра яе дзейнасць. Апрача таго, рэгістрацыя ў Літве, на тэрыторыі ЕС, дае магчымасць прызнаваць гэтую арганізацыю еўрапейскім суб'ектам. "Аднак наўрад ці беларускія ўлады, нягледзячы на рэгістрацыю ў Літве, прызнаюць асамблею беларускім суб'ектам", — дадаў Чавусаў.