viasna on patreon

Маці затрыманага маленькага хлопчыка не можа паскардзіцца на міліцыю

2011 2011-07-13T15:44:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Вольга Чайчыц са Смалявічаў атрымала адказ на скаргу ў пракуратуру наконт затрымання 3 ліпеня яе паўтарагадовага сына Яна. Адказ чамусьці прыйшоў з суда.

Старшыня суда М.Ф. Жакевіч напісаў у лісце, што гэтая скарга не падлягае разгляду суда. Згодна з заканадаўствам, абскарджваць дзеянні і рашэнні суддзі маюць права толькі ўдзельнікі адміністрацыйнага працэсу.

Між тым ніякага разбору па факце затрымання сына не было. Атрымліваецца, што цяпер ніхто не можа падаць скаргу на дзеянні міліцыянтаў.

"Я пісала скаргу ў пракуратуру пра незаконнае затрыманне майго сына — адказ прыйшоў чамусьці з суда. Але майго сына не судзілі. Судзілі майго бацьку, але на тым судзе не разглядалі затрыманне майго сына. Атрымліваецца, што міліцыянты дзе заўгодна і калі заўгодна могуць выхапіць у мяне дзіцёнка, а ніхто не будзе гэта парушэнне разглядаць", — сказала Вольга Чайчыц.

Нагадаем, маленькага сына адной з удзельніц "маўклівай акцыі” Вольгі Чайчыц затрымалі 3 ліпеня на плошчы ў Смалявічах. Разам з дзіцём у аддзяленне міліцыі даставілі яго дзядулю, Уладзіміра Чайчыца. Хлопчыка вярнулі маці праз паўгадзіны пасля затрымання. 4 ліпеня Вольга падала скаргу ў пракуратуру. Дзядулю хлопчыка пакаралі нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і прысудзілі штраф у 1 мільён 50 тысяч рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства