viasna on patreon

Намеснік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец каментуе намер "удасканаліць" Закон аб друку РБ

2006 2006-05-17T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

16 траўня ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА міністр інфармацыі РБ Уладзімір Русакевіч заявіў, што Закон аб друку РБ не будзе заменены на нейкі новы заканадаўчы акт, і што яго мяркуецца "ўдасканальваць па артыкулах". Па яго словах, карэктаванне закона будзе правозіцца ў рэчышчы інфармацыйнай палітыкі, якую выпрацавалі ў Беларусі ў сувязі з новыім этапам яе сацыяльна-эканамічнага развіцця. Між тым, па меркаванні намесніка старшыні ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэя Бастунца, "удасканаліць" дзейны закон "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі" практычна немагчыма.

Дзейны закон аб друку і іншых СМІ прынялі яшчэ ў 1995 годзе, і размовы пра яго ўдасканальванне вяліся з канца 1990-х. Яшчэ ў 2001 г. у Страсбургу былы кіраўнік Дзяржкамдруку Беларусі Міхаіл Падгайны паабяцаў прадставіць на экспертызу еўрапейскіх структур падрыхтаваны праект новага закона аб СМІ, аднак гэтага так і не было зроблена. З таго часу БАЖ марна дамагаўся ўдзелу ў абмеркаванні гэтага дакумента.
У пачатку кастрычніка 2003 г. А. Лукашэнка правёў нараду па тэксце новага законапраекту з удзелам чыноўнікаў і прадстаўнікоў дзяржаўнай прэсы. Менавіта на гэтай сустрэчы прэзідэнт заявіў, што "новы закон аб друку павінен гарантаваць свабоду слова, а не свабоду паклёпу", і што гэты дакумент "закліканы стаяць на варце інтарэсаў грамадства і асобы, а не вузкай прафесійнай карпарацыі". Пасля нарады кіраўнік дзяржавы накіраваў праект на дапрацоўку. Пра змест гэтага дакумента грамадскасць магла даведацца толькі з асобных публікацый у дзяржаўных СМІ, таму што ніводны прадстаўнік незалежнай прэсы альбо НДА не быў запрошаны на сустрэчу, і ніводная структура афіцыйна атрымала тэксту гэтага дакумента.
Тым не менш, у рукі экспертаў БАЖ усё ж трапіў тэкст законапроекту, які, як меркавалася, быў прадметам абмеркавання на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. На яго падставе пры садзеянні міжнародных экспертаў БАЖ падрыхтаваў альтэрнатыўны законапраект аб СМІ і ўвосені 2003 г. передаў яго ў парламент.
У аддзеле забеспячэння працы Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных дачыненнях і СМІ прадстаўнікам БАЖ не раз заяўлялі, што над дакументам працуюць спецыялісты Адміністрацыі прэзідэнта, Нацыянальнага цэнтру законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце РБ і Міністэрства інфармацыі. Планавалася, што законапраект будзе ўнесены на разгляд Палаты прадстаўнікоў у 2003, затым - у 2004, у 2005 гадах, аднак гэтага так і не адбылося. У плане падрыхтоўкі законапраектаў на 2006 г. новай рэдакцыі Закона аб СМІ не было. Цяпер жа з заявы У. Русакевіча вынікае, што замест стварэння новай рэдакцыі Закона аб СМІ будзе "ўдасканальвацца дзейны закон".

Між тым, на погляд намесніка старшыні БАЖ, юрыста Андрэя Бастунца, "удасканальваць" дзейны закон "Аб друку і іншых СМІ" практычна немагчыма. "Ён быў прыняты яшчэ да ўступлення ў сілу цяперашняга Грамадзянскага кодэксу і шмат у чым супярэчыць яму, таму проста ўносіць змяненні ў гэты закон - тое ж самае, что "латаць Трышкаў кафтан". Зрэшты, на сёння нават самыя ліберальныя прававыя нормы не ў стане змяніць сітуацыі ў сферы СМІ да лепшага, таму што ўлады ўсё роўна дэманструюць выбарачнае і дыскрымінацыйнае іх прымяненне", - лічыць А. Бастунец.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства