У Берасьці вобшукі ў актывістаў сеткавай рэвалюцыі
Шаснаццацігадовы актывіст зь Берасьця
Сяргей Алексіевіч, які зьяўляецца адміністратарам суполкі сеткавай рэвалюцыі «ВКонтакте»
паведаміў, што сёньня, 5 ліпеня, да яго ў кватэру прыходзілі
з вобшукам. Ён асабіста пры вобшуку не прысутнічаў, аднак маці
паведаміла, што быў выняты кампутар, шукалі любыя электронныя носьбіты
інфармацыі.
3 ліпеня ў кватэру Сяргея Алексіевіча наведаліся два супрацоўнікі
органаў: адзін у цывільным і адзін у міліцэйскай форме.
Прапанавалі праехаць на гутарку. Пасьля таго як Сяргей адмовіўся, яго
маці была папераджаная аб тым, што хлопцу нельга выходзіць на цэнтральную
плошчу Берасьця — імя Леніна. Аднак увечары яго менавіта там і затрымалі.
Сяргей Алексіевіч: «У 10 гадзін я ішоў па плошчы Леніна на канцэрт.
Да мяне падышлі два чалавекі ў цывільным. Адзін спытаўся:
„Алексіевіч?“. Я сказаў: „Так“. Пасьля гэтага мяне заламалі, узялі пад
рукі і пацягнулі. Чуў брыдкаслоўе ад супрацоўнікаў міліцыі. Чуў, што
я ў нейкім сьпісе. Выклікалі інспэктара па справах
непаўналетніх, і выявілася, што на мяне складзены рапарт, нібыта я ішоў
па плошчы Леніна, мацярыўся і размахваў рукамі. Хоць я ішоў
адзін, у мяне тэлефона не было з сабою. Я ніяк ня мог
мацярыцца. Мяне пратрымалі крыху больш за тры гадзіны і адпусьцілі».
Па інфармацыі Сяргея Алексіевіча і Зьмітра Шурхая, абласнога
кіраўніка БХД па Берасьцейскай вобласьці, вобшукі па справах
арганізацыі і ўдзелу ў маўклівых акцыях пратэсту ў Берасьці
адбыліся сёньня яшчэ ў некалькіх актывістаў.